26 снежня 2024, Чацвер, 16:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сідорскі паехаў да Пуціна ў Маскву па грошы і газ (Відэа)

11
Сідорскі паехаў да Пуціна ў Маскву па грошы і газ (Відэа)

Прэм'ер-міністры Расеі і Беларусі Сяргей Сідорскі і Ўладзімір Пуцін сустракаюцца сёння ў Маскве. Тэмы, якія маюць намер абмеркаваць кіраўнікі ўрадаў двух дзяржаў, даволі вострыя: кошт на расейскі газ для Беларусі, магчымасць уводзінаў адзінай валюты, вылучэнне Беларусі расейскіх крэдытаў.

Як паведамляў сам Сідорскі 10 жніўня падчас наведвання сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Смалявіцкага раёну, прэм'еры падчас працоўнай сустрэчы маюць намер абмеркаваць кошт і ўмовы паставак расейскіх энерганосьбітаў у Беларусь. Кіраўнікі расейскага і беларускага ўрадаў абмяркуюць пытанні развіцця і інтэграцыі эканомікаў, звязяў паміж прадпрыемствамі, узаемадзеянні ў энергетычнай сферы. С.Сідорскі нагадаў, што расейская кампанія "Атомстройэкспорт" выступіла з прапановай удзельнічаць у праэкце па будаўніцтве АЭС у Беларусі і гатовая падаць крэдытныя рэсурсы.

Таксама будуць разгледжанымі пытанні ўзаемнага крэдытавання эканомікаў. Уладзімір Пуцін даручыў свайму намесніку, міністру фінансаў Аляксею Кудрыну, падрыхтаваць фінансавую позву ягонай сустрэчы з кіраўніом беларускага ўраду. "У нас павінна адбыцца сустрэча з беларускім калегам, таму трэба і па энергетыцы паглядзець, і па фінансавых адносінах — разглядаецца пытанне вылучэння дадатковага крэдыту нашым калегам", — сказаў У.Пуцін 4 жніўня на паседжанні прэзідыўму ўраду.

Намглавы Мінфіну РФ: Пуцін можа абмеркаваць з беларускім прэм'ерам новы крэдыт

Кіраўнікі расейскага і беларускага ўрадаў Уладзімір Пуцін і Сяргей Сідорскі могуць у чацвер абмеркаваць падаванне Беларусі дадатковага крэдыту, паведаміў РИА “Новости” намглавы Мінфіну РФ Дзмітрый Панкін.

"Наколькі мне вядома, сёння плянуецца абмеркаваць гэтае пытанне", - сказаў у сераду Панкін.

Пытанне аб магчымасці падавання Беларусі такога крэдыту і ўмовы падавання яшчэ знаходзяцца ў стадыі абмеркавання, удакладніў Панкін.

"Пакуль ідзе перамоўны працэс", - сказаў намміністра, нагадаўшы, што беларускі бок у звароце да РФ звярнуўся па крэдыт у аб'ёме 2 мільярдаў даляраў.

"Ёсць такі зварот, але пакуль ідзе перамоўны працэс, працэс абмеркавання. Рашэнняў не прымалі", - удакладніў ён.

РФ і Беларусь у канцы 2007 году падпісалі дамову аб падаванні Менску 15-гадовага стабкрэдыту аб'ёмам у 1,5 мільярды даляраў пад LIBOR + 0,75% з пяцігадовай адтэрміноўкай плацяжу па асноўным абавязку. Беларусь звярталася па гэтыя сродкі, у прыватнасці, на аплату энергапостаўкаў.

Другі крэдыт, падаванне якога цяпер абмяркоўваецца, як чакаецца, пайдзе на падтрымку гандлёвага і аплатнага балянсу рэспублікі. Формай крэдыту можа ў тым ліку стаць і пазыка на расейскім рынку з дзяржудзелам, казаў раней Кудрын.

У сваю чаргу Беларусь у 2008 годзе рыхтавалася змясціць на рынку РФ некалькі траншэяў дзяржаблігацыяў прыкладна на 10 мільярдаў расейскіх рублёў. "Цяпер беларускі бок пераносіць свой выхад на расейскі рынак, гэта звязана з цяжкім становішчам на рынках", - паведаміў Панкін.

"Не магу сапраўды сказаць, ці звязана гэта з тым, што ім не выгодна цяпер размяшчацца, або з тым, што фізычна складана будзе размясціць беларускую пазыку, але Беларусь сама вырашыла не выходзіць з пазыкай", - дадаў намглавы Мінфіну.

Амбасадар Расеі: Могуць абмяркоўваць тэму адзінай валюты

Тэма адзінай валюты Беларусі і Расеі можа быць закранутай падчас сустрэчы прэм'ер- міністраў Расеі і Беларусі Ўладзіміра Пуціна і Сяргея Сідорскага14 жніўня ў Маскве. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыков.

"На першыя паўгодкі сальда Беларусі адмоўнае – больш за 6 млрд даляраў. Гэта можа падштурхнуць да пачатку гутарак аб адзінай валюце, каб гэты балянс абнуліць", - заявіў А.Сурыков, паведамляе "Інтэрфакс".

Пры гэтым ён падкрэсліў, што ня бачыць "падставаў (ня ўводзінаў - іФ) адзінай валюты, звязаных з Канстытуцыяй". "ЕЗ жа жыве з адзінай валютай без Канстытуцыі", - сказаў амбасадар.

Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, Беларусь патрабуе змяніць формулу кошту на газ, які прадае краіне "Газпром". Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Ўладзімір Сямашка на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіў, што ўрад краіны лічыць неабходным адкарэктаваць дамову з Расеяй аб коштах на пастаўляны ў рэспубліку газ у звязі з ростам сусветных коштаў на нафту.

"Пры падпісанні той дамовы (31 снежня 2006 году) мы абапіраліся на расейскі прагноз змены кошту на нафту, які меркаваў ягонае зніжэнне,— растлумачыў службовец.— Паколькі ў расейскім і беларускім грамадзянскіх кодэксах ёсць артыкулы, якія дазваляюць змяніць або скасаваць дамову ў звязі з істотнымі зменамі акалічнасцяў, мы прапаноўваем сесці за стол перамоў і альбо скасаваць дамову, што недапушчальна, альбо дапоўніць, каб прыйсці да цывілізаванага рашэння". Сямашка ўпершыню афіцыйна назваў бягучы кошт газу для Беларусі: "У пачатку 2008 году кошт на газ для Беларусі складаў $119 за 1 тыс. куб. м, цяпер мы перайшлі да кошту ў $127,9 да канца году". У 2009 годзе краіна чакае рэзкага падаражэння газу, формула кошту для яе залежыць ад сусветных катыровак нафты і нафтапрадуктаў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках