23 снежня 2024, панядзелак, 12:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Парсюкевіч: «Мая справа была адназначна сфальсіфікаваная» (Фота, відэа)

24

Cёння на волю з менскай калоніі №1 выйшаў палітвязень Сяргей Парсюкевіч. Прадпрымальніка вызвалілі таксама па ўказе Аляксандра Лукашэнкі.

«Сёння мяне выклікалі да начальніка калоніі. Ён сказаў, каб я рыхтаваўся на выхад. На зборы мне далі 15 хвілін, я нават не паспеў сабрацца. Сказалі, што выпускаюць па ўказе Лукашэнкі», -- распавёў Сяргей Парсюкевіч у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

«Я выйшаў на волю дзякуючы ціску Захаду і ЗША. Я думаю, што ўлады жадаюць, каб Еўропа прызнала «парламенцкія выбары», але гэтага відавочна недастаткова. Наколькі я зразумеў, ніякіх змен у краіне не адбылося», -- адзначыў Сяргей Парсюкевіч.

Былы палітвязень пракаментаваў факт узбуджэння супраць яго крымінальнай справы і вынесены ў адносінах яго прысуд да доўгага зняволення.

«Крымінальная справа адназначна сфальсіфікаваная. У тым інцыдэнце, які адбыўся на Акрэсціна 21 студзеня, я лічу сябе пацярпелым. Майго досведу ў працы ў міліцыі досыць, каб ацаніць сітуацыю. З боку следчага пракуратуры адбылася адназначная фальсіфікацыя крымінальнай справы. На судзе глухой бы зразумеў, што я адназначна невінаваты. Але тэрмін усё роўна атрымаў. Я дагэтуль не сутыкаўся з тым, каб па гэтым артыкуле (арт. 364 КК РБ) людзей ўпершыню судзімых пазбаўлялі волі», -- адзначыў Парсюкевіч.

Сяргей Парсюкевіч правёў за кратамі больш за 5 месяцаў. Ён адбываў пакаранне ў калоніях Шклова і Менска.

«Тое, што адбываецца ў калоніі, для мяне было шокам. Самае галоўнае – там хочуць чалавека зняважыць і зламаць», - адзначыў Парсюкевіч.

У зняволенні ў палітвязня былі сур'ёзныя праблемы са здароўем. «У мяне астма і язва страўніка. Асабліва цяжка было ў СІЗА на Валадарскага ў Менску. Там вялікая вільготнасць. Калі тэмпература паднімаецца, проста дыхаць няма чым. Ад медыкаў там толку ніякага. Максімум яны могуць даць лекі, якія ёсць у наяўнасці. Лекаў для мяне ў іх не было. Іх потым перадалі, але наогул яны лячыць павінныя, а не дазваляць перадаваць лекі», -- адзначыў Парсюкевіч.

Аб сваіх наступных планах, Парсюкевіч кажа, што яму ці наўрад дазволяць займацца прадпрымальніцтвам і ён гатовы «перайсці ў сферу палітычнай дзейнасці».

Нагадаем, што ў красавіку суд Маскоўскага раёна Менска прысудзіў лідэра прадпрымальнікаў Сяргея Парсюкевіча да 2,5 год калоніі агульнага рэжыму.

Віцебскі прадпрымальнік быў арыштаваны ў Менску 4 сакавіка нібыта за «гвалтоўныя дзеянні супраць супрацоўніка міліцыі». Справа ў тым, што незадоўга да гэтага Парсюкевіч быў падвергнуты арышту за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў у Менску і прысуджаны да 15 сутак арышту, якія прадпрымальнік правёў у спецпрыёмніку-размеркавальніку на вуліцы Акрэсціна. Па сведчанні Парсюкевіча, 21 студзеня ён быў жорстка збіты супрацоўнікам спецпрыёмніка Аляксандрам Дулубам. Пазней гэты міліцыянт, каб пазбегнуць абвінавачванняў у перавышэнні паўнамоцтваў, сам абвінаваціў Сяргея Парсюкевіча ў тым, што арыштант яго збіў.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках