27 снежня 2024, Пятніца, 13:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Івонка Сурвіла: «Вайсковае пагадненьне з Масквой – гэта захоп Беларусі»

15
Івонка Сурвіла: «Вайсковае пагадненьне з Масквой – гэта захоп Беларусі»

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася з адкрытым лістом да беларускага народу ў сувязі з магчымасьцю падпісаньня ўладамі дамовы з Расеяй аб агульнай сістэме супрацьпаветранай абароны.

“Дарагія суродзічы беларусы, як вы ўжо, магчыма, заўважылі, зьвяртаюся да вас з адкрытымі лістамі рэдка, і толькі калі ўважаю, што жыцьцё вашае і беларуская дзяржава ў вялікай небясьпецы, -- гаворыцца ў лісьце Івонкі Сурвіллы. -- Сёньня пішу вам ў сувязі з падзеямі ў Грузіі і праектам А.Лукашэнкі падпісаць новыя вайсковыя дамовы з Масквой.

У час, калі ўвесь дэмакратычны сьвет асудзіў маскоўскую агрэсію супраць Грузіі Лукашэнка паехаў сустракацца з пуцінскім паплечнікам не дзеля таго, каб выступіць у абарону пакрыўджанай сувэрэннай дзяржавы, а наадварот – каб павіншаваць злачынныя ўлады суседняй імпэрыі зь іх “прыгожай” агрэсіяй”.

“Дарагія суродзічы, -- піша старшыня Рады БНР, -- з жалем гляджу, як некаторыя з вас, замест каб абурацца гэтай ацэнкай падзеяў у Грузіі ад вашага імя, вераць вераць крамлёўскай прапагандзе і ўважаюць яе слушнай і прымальнай. Ды каб гэта было ўсё! Ад вашага імя, ад імя зьнямелага беларускага народу, якому не дазволена выказваць сваіх здаровых меркаваньняў ні на гэтую, ні на ніякую іншую тэму, цесна зьвязаную зь ягонай будучыняй, кіраўнік беларускай дзяржавы абяцае маскоўскім сатрапам уваходзіць зь імі ў новыя “абаронныя” дамовы, якія ізноў уцягнуць наш народ у чужыя войны і зробяць яго першай ахвярай любога канфлікту Расеі з рэштай сьвету”.

“Дарагія суродзічы, -- зьвяртаецца старшыня Рады БНР да беларусаў, -- не дазвольце, каб такое пагадненьне зьдзейсьнілася. Не дазвольце, каб варожыя вам людзі гандлявалі вашай радзімай і вашым жыцьцём! Вайсковае пагадненьне з Масквой – гэта новы захоп вашага найдаражэйшага скарбу, зямлі вашых продкаў, вашых дзетак, вашых унукаў.

Абавязкам кожнага з нас ёсьць бараніць гэты Богам дадзены нам край. Прашу Усемагутнага, каб данёс да вас мой голас. Каб вы пачулі і зразумелі, да якой ступені сёньняшнія падзеі пагражаюць вашай будучыні. У дачыненьні да Грузіі, Расея паказала свой сапраўдны твар. Паказала яшчэ раз, што паняцьці маральнасьці і людзкой годнасьці для яе ёсьць паняцьцямі чужымі, незразумелымі. Гэтак, як яна напала на маленькую Грузію, гэтак яна скарыстае першую нагоду – альбо прыдумае яе – каб прыслаць свае танкі ў Беларусь. Тады будзе запозна, дарагія суродзічы, бараніцца. Бараніцца трэба цяпер”.

“Але перад гэтым пратэстуйце ўсімі сіламі супраць заключэньня псэўда-абароннай дамовы з Расеяй, бо станецца ён нашай агульнай магілай” – завяршае свой ліст старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках