25 снежня 2024, Серада, 16:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

G7 рэзка асудзіла Расею за прызнанне Паўднёвай Асеціі і Абхазіі

Міністры замежных справаў сямёркі вядучых сусветных дзяржаваў рэзка асудзілі Расею за прызнанне незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.

"Рашэнне Расеі прымушае сумнявацца ў ейнай прыхільнасці міру і бяспецы на Каўказе. Мы вельмі шкадуем аб празмерным выкарыстанні Расеяй ваеннай сілы ў Грузіі і акупацыі шэрагу ейных рэгіёнаў, якая працягваецца ", - гаворыцца ў заяве кіраўнікоў МЗС Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі, Вялікабрытаніі, Канады і ЗША, перадае агенцтва France Presse.

Прадстаўнікі краінаў "вялікай сямёркі" заклікалі ўрад Расеі няўхільна прытрымлівацца пляну мірнага ўрэгулявання, падпісанага прэзідэнтамі Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым і Францыі Нікаля Саркозі, асабліва часткі, датычнай адводу расейскіх войскаў на пазыцыі, якія яны займалі да 8 жніўня 2008 году.

"Мы ізноў заяўляем аб тым, што ўсебакова і бесперапынна выступаем за суверэнітэт Грузіі ў ейных міжнародна прызнаных межах, выказваем нашую павагу і падтрымку дэмакратычнаму і законнаму грузінскаму ўраду і імкнемся да мірнага і доўгатэрміновага вырашэння гэтага канфлікту", - гаворыцца ў заяве.

26 жніўня прэзідэнт Расеі прызнаў незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, матываваўшы гэта інтэрасамі насельніцтва двух рэспублікаў. Шматлікія краіны свету выказалі шкадаванне ў звязі з расейскай ініцыятывай, а ў Грузіі яе расцанілі як спробу Расеі анэксаваць частку грузінскай тэрыторыі.

З заявамі, якія асуджаюць дзеянні Расеі, выступілі ЗША, Вялікабрытанія, Нямеччына, Францыя, Украіна, Эстонія, Летува. Асобную заяву па гэтым пытанні зрабілі краіны НАТА.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках