25 снежня 2024, Серада, 9:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чавес таксама знайшоў сабе «лорда Бэла»

У чацвер ангельская прэса выйшла з сенсацыйнай навінай: прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес прызначыў былога мэра Лёндану Кена Лівінгстана сваім дараднікам па пытаннях развіцця Каракаса.

Сам экс-мэр заявіў на гэты конт, што яму быў «аказаным вялікі гонар», піша расейская газета «Новые Известия». Лейбарыст Кен Лівінгстан – даўні дзелавы партнэр прэзідэнта Венесуэлы. На пасадзе мэра Лёндану (2000–2008 гады) Лівінгстан склаў некалькі кантрактаў з Чавесам на пастаўку таннага паліва для гарадскога транспарту.

Аднак пераймак Лівінгстана – кансерватар Барыс Джонсан, які перамог на выбарах мэра ў траўні 2008 году, – гэтыя кантракты скасаваў, паколькі палічыў неэтычным «закупляць паліва з дыcкантам у краіне», дзе вялікая частка насельніцтва жыве за рысай бядноты. Акрамя таго, у Брытаніі, як і ў ЗША, склаліся вельмі напружаныя стасункі з Угам Чавесам, вядомым сваімі антызаходнімі выказваннямі. Тым больш скандальнай стала навіна аб прызначэнні Лівінгстана дараднікам прэзідэнта Венесуэлы. Паведамляецца, што былы мэр Лёндану будзе кансультаваць гарадскія ўлады Каракаса па пытаннях развіцця муніцыпальнага транспарту, а таксама экалягічным праблемам, звязаным з утылізацыяй смецця. Ці будзе Лівінгстан стала пражываць у сталіцы Венесуэлы, пакуль не паведамляецца.

Нагадаем, што гэта ня першы выпадак, калі вядомы брытанец становіцца кансультантам прэзідэнта іншай краіны, якую самі ангельцы адносяць да аўтарытарных. У сакавіку стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка ўзяў на працу вядомага брытанскага дзяяча піяр-індустрыі Цімаці Бэла. Зараз ангелец будзе паляпшаць вобраз уладаў Беларусі на Захадзе. На сустрэчы з лёнданскім піярнікам Лукашэнка заявіў, што аніводная з сучасных дзяржаваў не можа абыйсціся без прафесыйных піяр-паслугаў. Бэл, як і Лівінгстан, не быў другараднай постаццю ў сваёй краіне. Сярод ягоных кліентаў была і прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках