23 снежня 2024, панядзелак, 20:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міжнародны дзень зьніклых: Дзе Захаранка, Ганчар, Красоўскі і Завадзкі?

3
Міжнародны дзень зьніклых: Дзе Захаранка, Ганчар, Красоўскі і Завадзкі?

30 жніўня адзначаецца Міжнародны дзень зьніклых бязь вестак. У Беларусі палітыкі Юры Захаранка, Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі і журналіст Зьміцер Завадзкі зьніклі пры загадкавых абставінах.

Адзначаецца Міжнародны дзень зьніклых зь ініцыятывы Міжнароднага Камітэту Чырвонага Крыжа, які зьвярнуўся да ўсясьветнай супольнасьці з заклікам надаць больш сур’ёзную ўвагу адной з найбольш складаных гуманітарных праблем, якія ўзьнікаюць падчас узброеных канфліктаў, паведамляе "Радыё Свабода".

Колькі чалавек ва ўсім сьвеце лічацца бязь вестак зьніклымі – дакладна не вядома. Толькі ў Іраку па афіцыйных, але ацэначных дадзеных у розных канфліктах з 1980 году зьнікла ад 375 тысяч да 1 мільёна чалавек, паведамляе прэс-служба Міжнароднага Камітэту Чырвонага Крыжа. Падчас войнаў пасьля распаду Югаславіі на пачатку 1990-х зьнікла 17 тысяч чалавек. У Афрыцы ў сьпісах зьніклых бязь вестак – дзясяткі тысяч, толькі ў Анголе іх 22 тысячы.

У Беларусі няма войнаў і канфліктаў. Але чатыры чалавекі – палітыкі Юры Захаранка, Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі і тэлеапэратар Зьміцер Завадзкі, – зьніклі пры загадкавых абставінах. Крымінальныя справы па іх зьнікненьні ня раз прыпынялі, потым аднаўлялі зноў. Родныя і блізкія ўжо страцілі надзею.

“Ніякага зруху няма. Так, раз у квартал мне паведамляюць пра працяг сьледчых дзеяньняў, дасылаюць паперку-адпіску. Да якой мяжы яны будуць працягвацца, мне не паведамляюць. Паколькі гэтыя сьледчыя дзеяньні доўжацца ўжо амаль 9 гадоў, то, натуральна, я ня веру ні ў якую працу сьледчых органаў, абсалютна”, -- гаворыць Зінаіда Ганчар, жонка вядомага палітыка Віктара Ганчара, які зьнік у 1999 годзе.

Патрабаваньні раскрыць праўду пра выкраданьне гэтых людзей утрымліваюцца ў рэзалюцыях Камісіі ААН правоў чалавека, Парлямэнцкіх Асамблей Рады Эўропы і АБСЭ. Дзейсным і былым чыноўнікам сілавых структур Уладзімеру Навумаву, Віктару Шэйману, Юрыю Сівакову, Дзьмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у ЗША і краіны Эўразьвязу з прычыны падазрэньня ў дачыненьні да зьнікненьня Зьмітра Завадзкага, Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага.

Маці зьніклага ў 2000 годзе апэратара расейскага тэлеканалу ОРТ Зьмітра Завадзкага Вольга Рыгораўна таксама ня верыць, што будуць нейкія зрухі ў справе сына:

“Надзей у мяне няма. На працягу ўсіх гэтых гадоў пракуратура не дае разгорнутага адказу на ўсе пытаньні. Адны адпіскі, у якіх гаворыцца, што праводзяцца нейкія сьледчыя мерапрыемствы, справа не закрываецца, а прыпыняецца. Нам ні разу не далі адказу, якія ж мерапрыемствы праводзіліся, і да якіх вынікаў яны прывялі”.

У сем’ях Віктара Ганчара і Зьмітра Завадзкага бяз бацькі вырасьлі і пасталелі сыны, у Анатоля Красоўскага – дочкі. Сям’я зьніклага экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі вымушана была зьехаць у Нямеччыну.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках