26 снежня 2024, Чацвер, 9:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шэйман будзе памагатым Лукашэнкі ў асаблівых даручэннях?

6

Дзе будзе працаваць былы дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман? У апошнія дні актыўна абмяркоўваліся такія версіі.

Версія першая. Ужо больш за год пагалоска выпраўляе Віктара Шэймана амбасадарам у далёкую Венесуэлу. Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што такім чынам Лукашэнка прадэманструе міжнароднай грамадскасці гатовасць да дыялогу і супрацы.

Але пару тыдняў таму камісія па міжнародных справах «савета рэспублікі» рэкамендавала прызначыць амбасадарам Беларусі ў Венесуэле намесніка міністра прамысловасці Валянціна Гурыновіча. Зрэшты, у свой час падобнае рашэнне аналагічная камісія прымала і адносна Аляксандра Казуліна — яго выпраўлялі ў ААН, аднак адпаведны ўказ А.Лукашэнка так і не падпісаў.

Версія другая. На днях інтэрнэт-выданне "Ежедневник" са спасылкай на свае крыніцы ва ўладных структурах напісала, што ў Адміністрацыі прэзідэнта "актыўна абмяркоўваецца магчымасць прызначэння экс-сакратара Савета бяспекі Віктара Шэймана на пасаду старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю".

Абгрунтаванне гэтай версіі даволі простае: Ломацю ужо 64 гады, а Шэйману — усяго 50. Да таго ж, як сцвярджае "Ежедневник", у цяперашняга старшыні КДК Зянона Лoмаця не склаліся адносіны з сілавікамі. (Дарэчы, журналісты не раз зазначалі, што і Шэйман не з усімі сілавікамі ладзіць і што нібыта ў яго няпростыя адносіны з тым жа міністрам унутраных справаў Уладзімірам Навумавым.)

Версія трэцяя. Крыніцы "Народнай волі" не выключаюць, што неўзабаве Віктар Шэйман, якога мясцовая і міжнародная дэмакратычная супольнасць падазрае ў арганізацыі гвалтоўных знікненняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадскага, атрымае іншае прызначэнне — стане памагатым Лукашэнкі ў адмысловых даручэннях. Або першым памагатым кіраўніка дзяржавы — гэтая пасада засталася вольнай пасля прызначэння Уладзіміра Макея кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках