27 снежня 2024, Пятніца, 11:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Супрацьстаяньне ў Кобрыні: чыноўнік прызнаўся, што шантажаваў Аляксандра Меха

4

У Кобрыскім судзе адбыўся папярэдні разгляд справы па скарзе актывіста Партыі БНФ Аляксандра Меха на няпраўнае звальненьне з працы.

Актывіст Партыі БНФ Аляксандар Мех быў звольнены месяц таму з Кобрыньскай філіі прадпрыемства "Белтрансгаз" за ўдзел у восеньскіх выбарах у “палату прадстаўнікоў” у сьпісе 110 дэпутатаў ад дэмакратычных партый. 28 ліпеня ён накіраваў у суд заяву, дзе абскардзіў звальненьне як няпраўнае, бо палітычна матываванае. 4 жніўня адбыўся папярэдні разгляд справы, паведамляе BulletinOnline.org.

Судзьдзя Кобрыньскага суду Аляксандр Бабаскін даў два станоўчыя сігналы. Ён удакладніў у кіраўніка Кобрыньскай філіі "Белтрансгазу" Ўладзімера Галашкі, ці была размова з матывацыяй "альбо выбары, альбо праца" і атрымаў станоўчы адказ. Таксама ён спраўдзіў у юрысконсульта галаўнога прадпрыемства "Белтрансгаз", якая таксама прадстаўляла наймальніка, ці меў інжынэр Мех спагнаньні па працы. Калі ўведаў, што не было, то спытаў, чаму кантракт заключаўся некалькі раз толькі на год і чаму ён не працягнуты цяпер. Адказ быў: "Такое права наймальніка" і "Ня ведаю".

Можна было б залічыць судзьдзі Бабаскіну ў актыў тое, што ён дапусьціў у якасьці прадстаўніка заяўніка юрыста прафсаюзу РЭП Ўладзімера Малея, каб не ягоная рэпліка "Што, зноў з Вамі спрачацца будзем?"

Міравое пагадненьне, прапанаванае Малеем, было адхілена. Гэта значыць, заяўнік па-ранейшаму настойвае на аднаўленьні на працы, аплаце вымушанага прагулу, маральнай кампэнсацыі ў 500 тысяч беларускіх рублёў за палітычна матываваную дыскрымінацыю на месцы працы.

Суд задаволіў хадайніцтва Аляксандра Меха аб прадастаўленьні яму для азнаямленьня калектыўнай дамовы, заключанай у 2004 годзе, у чым адмовілі пры звальненьні. А мог бы, як хадайнічаў юрыст Малей, абавязаць "Белтрансгаз" прадаставіць арыгінал, паколькі менская прадстаўніца фірмы прывезла з сабой вытрымкі зь яго і прапаноўвала чытаць інтэрнэт-версію(!). Выходзіць так – працаўнікі ня маюць магчымасьці прачытаць калектыўную дамову, бо яна, як адказалі Меху, "знаходзіцца ў галаўным прадпрыемстве ў Менску".

Таксама задаволеныя хадайніцтвы аб выкліку ў суд сьведкаў. У дакумэнтах фігуруе публікацыя дыктафоннай размовы Аляксандра Меха з кіраўніком філіі Галашкам і кіраўніком Кобрыньскай раённай управы КДБ Басько з элемэнтамі шантажу і пагрозаў, надрукаваная ў "Народнай Волі".

Наступнае паседжаньне суда прызначана на 22 жніўня а 10 раніцы.

– Судзьдзя Бабаскін мае ці выканальную місію, – камэнтуе адзін з прысутных на судзе актывістаў ПБНФ. – З аднаго боку, палітычную матывацыю звальненьня неабвержна засьведчыў дыктафонны запіс, зроблены спадаром Мехам у кабінэце Ўладзімера Галашкі. Справа шырока растыражаваная незалежнымі мас-медыя і народным тэлеграфам.

З другога боку, мясцовая ўлада ўжо абазначыла сваю пазыцыю. Спадара Меха выклікалі ў міліцыю, дзе нібыта ў сувязі са справай аб выбуху 3 ліпеня ўзялі адбіткі пальцаў і нават спрабавалі ўзяць аналіз сьліны на ДНК. Калі памочнік дзейнага дэпутата ад Кобрыні сп.Філіновіч прадпрыняў спробу затэрарызаваць Аляксандра Меха пагрозамі па тэлефоне і быў злоўлены на "гарачым", кобрыньскі пракурор Запарошчанка спусьціў справу на тармазах.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках