27 лiстапада 2024, Серада, 17:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Джонатан Мур: «Беларусы павінны самі вырашаць, хочуць яны ўдзельнічаць у выбарах ці не»

9

Часовы павераны ў справах ЗША Джонатан Мур у інтэрвію «Радыё Свабода» заявіў, што ў Беларусі ёсьць шэраг асобаў і арганізацый, якія пасьлядоўна выказваюцца за байкот гэтых “выбараў” – “і гэта іх права”.

-- Напрыканцы жніўня прадстаўнікі дзярждэпартамэнту казалі, што ЗША могуць разгледзець магчымасьць скасаваць санкцыі супраць Беларусі пры умове, што “Менск зробіць крокі ў кірунку палітычных рэформаў”. Намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША Дэйвід Мэркэл яшчэ раз падкрэсьліў гэтую ўмову, кажучы, што “рашэньне аб санкцыях будзе прымацца па выніках “парлямэнцкіх выбараў” у верасьні”. Тым ня менш некаторыя санкцыі былі скасаваныя ўжо на мінулым тыдні, яшчэ да “выбараў” і да якой-колечы ацэнкі іх празрыстасьці. Чаму гэты крок быў зроблены цяпер, а не пасьля 28 верасьня? І чаму не былі скасаваныя ўсе эканамічныя санкцыі, улучна з тымі супраць “Белнафтахіму”?

-- Разам з Эўразьвязам Злучаныя Штаты Амэрыкі ўвялі санкцыі, грунтуючыся на тым, як праводзіліся “прэзыдэнцкія выбары” 2006 году, і на пазьнейшых палітычных працэсах і прысудах, улучна з прысудам Аляксандру Казуліну. Вызваленьне трох апошніх асобаў, якіх міжнародная супольнасьць лічыла палітычнымі вязьнямі, дало нам магчымасьць прыпыніць санкцыі супраць двух прадпрыемстваў “Белнафтахіму” на шэсьць месяцаў. Каб зрабіць далейшыя крокі, мы чакаем значнага паляпшэньня “выбарчага працэсу” ў Беларусі. Улады маюць шанец прадэманстраваць такое паляпшэньне на “выбарах” напрыканцы гэтага месяца. Існуюць сур’ёзныя засьцярогі ў сувязі зь адсутнасьцю незалежных прадстаўнікоў ва ўчастковых выбарчых камісіях і ў сувязі зь вялікай колькасьцю кандыдатаў ад апазыцыі, якім адмоўлена ў рэгістрацыі. Поўны доступ назіральнікаў да працэсу галасаваньня — улучна з дазволам назіраць за праверкай выбарчых сьпісаў, за бясьпекай захоўваньня выбарчых урнаў у часе датэрміновага галасаваньня, ды за непасрэдным падлікам галасоў — надзвычай істотны.

-- Пры якіх умовах Вашынгтон можа скасаваць санкцыі адносна “Белнафтахіму” ды візавыя санкцыі адносна службовых асобаў Беларусі? Якія пэрспэктывы спыненьня “дыпляматычнай вайны” паміж РБ і ЗША. Калі праца пасольства ЗША адновіцца ў ранейшым ці хаця б больш шырокім аб’ёме, чым цяпер?

-- Далейшыя станоўчыя крокі з боку беларускіх уладаў ў галіне абароны правоў чалавека дапамаглі б палепшыць двухбаковыя адносіны са Злучанымі Штатамі і палегчыць працэс адрэгуляваньня нашых санкцый. Як асобнае пытаньне, мы спадзяемся на аднаўленьне патрэбнага нам дыпляматычнага пэрсаналу ў Беларусі.

-- Частка апазыцыйных сілаў Беларусі выказваецца за байкот “выбараў” 29 верасьня. Вы ў інтэрвію Інтэрфаксу на мінулым тыдні выказалі шкадаваньне з гэтай нагоды. Інтэрнэт-рэсурс “Хартыя’97” даў матэрыял пра Ваша інтэрвію Інтэрфаксу пад загалоўкам: “Амэрыканскі дыплямат раіць апазыцыйным партыям удзельнічаць у выбарчым фарсе да канца”.

Чаму Вы занялі такую пазыцыю? І наколькі Вашы думкі наконт удзелу апазыцыі ў “выбарах” зьяўляюцца адлюстраваньнем афіцыйнай пазыцыі ўраду ЗША?

-- У Беларусі ёсьць шэраг асобаў і арганізацый, якія пасьлядоўна выказваюцца за байкот гэтых “выбараў” незалежна ад абставін. Гэта іх права; беларусы павінны самі вырашаць, хочуць яны ўдзельнічаць у “выбарах” ці не. У маім інтэрвію я гаварыў, грунтуючыся на сваім прафэсійным досьведзе і амэрыканскім бачаньні Беларусі; дарэчы, калі прачытаць поўны тэкст інтэрвію, дык там так і сказана. Верачы, што палітычным партыям адведзена важная роля ў Беларусі, я мяркую, што яны павінны самасьцьвярджацца як мага больш актыўна, асабліва ў выбарчы час. Адначасова мне падаецца, што ня варта крытыкаваць тыя асобы і партыі, які спрабуюць — нягледзячы на шматлікія цяжкасьці — удзельнічаць у “выбарах”. Асобы, якія маюць засьцярогі да “выбарчага працэсу”, павінны хутчэй за ўсё паведаміць аб гэтых засьцярогах назіральнай місіі АБСЭ, чым выходзіць зь вельмі важнага працэсу, за якім уважліва сочаць ЗША і Эўразьвяз.

-- Некаторыя экспэрты ў Беларусі лічаць, што самая важная праблема “выбараў” 28 верасьня — прызнае ці не прызнае Захад іх вынікі. На Вашу думку, якія наступствы для Беларусі можа мець непрызнаньне “выбараў”? Скажам, ЗША ня будуць прызнаваць законы, прынятыя недэмакратычна абраным “парлямэнтам”? Або ці ЗША будуць спрыяць выключэньню гэтага “парлямэнту” з Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ?

-- Я не хачу разважаць пра магчымасьці пасьля “выбараў”. Але я хачу падкрэсьліць, што наш погляд будзе абапірацца на ацэнку “выбарчага працэсу”, а не на вынікі “выбараў”.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках