25 снежня 2024, Серада, 18:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чыстка» працягваецца: Вярхоўны суд задаволіў толькі 2 скаргі з 18

Вярхоўны суд Беларусі скончыў разгляд скаргаў прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат.

З 18 скаргаў здаволена дзве. Гэта скаргі Аляксея Туровіча (Сухараўская выбарчая акруга № 102) і Уладзіміра Маркава (Шабановская выбарчая акруга № 91). 10 верасня Цэнтравыбаркам зарэгістраваў прэтэндэнтаў кандыдатамі ў дэпутаты.

Цяпер у «выбарчай кампаніі» удзельнічае 281 кандыдат у дэпутаты.

Нагадаем, што 4 верасня Цэнтравыбаркам скончыў разгляд скаргаў прэтэндэнтаў, незарэгістраваных кандыдатамі ў дэпутаты. За два дні з 51 скаргі былі здаволеныя толькі 8. Незарэгістраванымі засталіся намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, лідэр БСДП (НГ) Мікалай Статкевіч, кіраўнік Менскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Сяргей Салаш. Не здаволеныя таксама скаргі аднаго з лідэраў прадпрымальнікаў Аляксандра Макаева, актывістаў апазіцыі Юрыя Карэтнікава, Мікалая Уласевіча, Ірыны Вештард, Мікалая Кійко і многіх іншых.

На думку праваабаронцаў, адсотак нерэгістрацыі дэмакратычных кандыдатаў на «парламенцкіх выбарах» надзвычай высокі. Пасля абскарджання стала вядома, што з 365 чалавек, якія падалі дакуманты на рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты, не прайшлі рэгістрацыю 84 чалавекі. Гэта складае 25 адсоткаў ад агульнай колькасці прэтэндэнтаў. Колькасць незарэгістраваных актывістаў апазіцыі складае каля 50 чалавек.

«Гэта надзвычай высокі адсотак. На гэтых «выбарах» не прайшоў рэгістрацыю кожны трэці. Мяркуючы па адсотку незарэгістраваных дэмакратычных кандыдатаў, казаць аб дэмакратычнасці «выбарчага працэсу» не прыходзіцца. Цяпер у Беларусі 2,5 кандыдата на акругу – гэта да смешнага мала. Толькі цяпер у 12 акругах «выбары» будуць безальтэрнатыўнымі. Але, улічваючы, што Партыя БНФ збіраецца здымаць сваіх кандыдатаў да 23 верасня, а гомельскія дэмакраты ўжо зняліся з «выбараў», дык зразумела, што такіх безальтэрнатыўных акругаў будзе значна больш», -- заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі.

Нагадаем, што 30 жніўня з-за масавых парушэнняў уладамі выбарчага заканадаўства і немагчымасці правядзення ў краіне свабодных выбараў Сойм Партыі БНФ прыняў рашэнне зняць партыйных кандыдатаў у дэпутаты з «парламенцкіх выбараў» да 23 верасня. Астатнія апазіцыйныя партыі маюць намер вызначыцца 21 верасня наконт свайго ўдзелу або неўдзелу ў выбарчым фарсе.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках