25 снежня 2024, Серада, 18:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чавес і Маралес пайшлі па шляху Лукашэнкі і высылаюць амерыканскіх амбасадараў

9

Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес заявіў, што высылае ў 72 гадзіны амбасадара ЗША у адказ на амерыканскую «агрэсію супраць Венесуэлы і Балівіі».

Ён паведаміў, што за раскрытай змовай па звяржэнні ўрада Венесуэлы стаяць ЗША.

Паміж ЗША, Балівіяй і Венесуэлай разгараецца сапраўдны дыпламатычны скандал. Нагадаем, што напярэдадні прэзідэнт Балівіі Эва Маралес абвясціў амбасадара ЗША Філіпа Голдберга персонай нон грата і назваў яго "спецыялістам па распальванні сепаратысцкіх канфліктаў". У пятніцу ў якасці меры ў адказ Вашынгтон абвясціў персонай нон грата амбасадара Балівіі ў Вашынгтоне. Балівійскія ўлады заяўляюць, што акцыі пратэсту, якія ахапілі краіну, правакуюць амерыканцы.

Дзеянні кіраўніцтва Балівіі падтрымала Венесуэла, якая ў апошні час актыўна нарошчвае ваеннае супрацоўніцтва з Расеяй. "Даволі агрэсіяў. Я упэўнены, што за планамі разбамбіць гэты палац стаіць амерыканская імперыя," - заявіў Чавес на шматтысячным мітынгу ля прэзідэнцкага палаца Мірафлорэс, які адбыўся позна ўвечары ў чацвер.

Чавес таксама паведаміў, што даў указанне міністру замежных справаў Нікаласу Мадуры адклікаць амбасадара Венесуэлы з Вашынгтона. Прэзідэнт заявіў, што можа ізноў накіраваць амбасадара ў Вашынгтон толькі пасля змены ўрада ЗША. Ён папярэдзіў, што ў выпадку амерыканскай агрэсіі супраць Венесуэлы, ЗША не атрымаюць ні кроплі венесуэльскай нафты.

Тым часам, прадстаўнік амерыканскай амбасады заявіла, што яны бачылі выступ Чавеса, але пакуль не атрымлівалі ніякіх афіцыйных паведамленняў.

Дзесяць дзён таму прэзідэнт Венесуэлы папярэдзіў амбасадара ЗША Патрыка Дадзі, што можа выслаць яго з краіны. Тады падставай для такога папярэджання сталіся выказванні амерыканскага дыпламата аб недастаткова актыўных дзеяннях Венесуэлы ў барацьбе з кантрабандай наркотыкаў, і "заклікаў яго ўзважваць свае словы".

Чавес расцаніў папрокі дыпламата ў адмове Венесуэлы ад супрацоўніцтва з Упраўленнем па барацьбе з распаўсюдам наркотыкаў ЗША (ДЕА) як умяшанне ва ўнутраныя справы. "Мы не дапусцім ўмяшання ва ўнутраныя справы. Калі вы парушаеце міжнародныя дамовы, вам прыйдзецца пакінуць краіну. Мы не дапусцім непавагі да сябе, і вам прыйдзецца сабраць чамаданы", - заявіў венесуэльскі лідэр.

У Балівіі ўжо забітыя некалькі чалавек і дзесяткі параненыя, паведаміў Чавес і ўсклаў віну за праліццё крыві на амерыканскую імперыю і "балівійскую алігархію". Ён выказаў упэўненасць у тым, што народ Балівіі і яе лідэр Эва Маралес здолеюць нанесці паразу "сілам імперыялізму".

Адносіны Беларусі са Злучанымі Штатамі і Еўрапейскім саюзам на працягу апошніх гадоў таксама носяць напружаны характар. ЗША неаднаразова абвінавачвалі беларускае кіраўніцтва ў парушэнні правоў чалавека ў краіне. Адмова ўладаў вызваліць палітвязняў стала адной з прычынаў увядзення эканамічных санкцыяў у дачыненні да беларускага рэжыму.

3 лістапада 2007 году Мінфін ЗША увёў санкцыі ў дачыненні да канцэрна "Белнафтахім". У прыватнасці, яны прадугледжвалі замарожванне ўсіх банкаўскіх рахункаў, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй ЗША, канцэрна "Белнафтахім" і яго прадстаўніцтваў у Нямеччыне, Латвіі, Украіне, Расеі і Кітаі, а таксама рахункаў даччынай кампаніі "Белнафтахім Ю-Эс-Эй". Акрамя таго, амерыканскім бізнэсмэнам загадалі ўстрымацца ад кантактаў з гэтым канцэрнам.

У сакавіку 2008 году былі апублікаваныя ўдакладненні, згодна з якімі пад дзеянне санкцыяў падпадалі прадпрыемствы, у якіх "Белнафтахім" валодае прамым ці ўскосным даходам у памеры 50% ці больш.

Пасля гэтага з Вашынгтона для кансультацыяў быў адкліканы амбасадар Міхаіл Хвастоў. 12 сакавіка на запатрабаванне беларускага боку Менск пакінула амбасадарка ЗША Карэн Сцюарт. Затым амерыканскаму боку было рэкамендавана скараціць колькасць супрацоўнікаў дыпмісіі. У адказ амбасада ЗША заявіла аб прыпыненні разгляду заяваў на атрыманне і выдачу візаў. Цяпер у амбасадзе ЗША у Менску працуюць 4 дыпламаты.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках