24 снежня 2024, aўторак, 2:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: «Не ешце атруту! Патрабуйце новых выбараў!»

10
Зміцер Бандарэнка: «Не ешце атруту! Патрабуйце новых выбараў!»

«Людзі не дурні: за ўсе гэтыя гады Лукашэнка добранька ім растлумачыў, што «палатка» нічога не вырашае. Адсюль – стыхійны байкот: народ не збіраецца ісці на «выбары», -- сцвярджае ў інтэрв'ю «БелГазеце» адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

Падрыхтаванае інтэрв'ю са Зміцерам Бандарэнкам было апублікаванае ў «БелГазеце» з невялікімі скарачэннямі. Мы падаем матэрыял цалкам.

- У чым сэнс ідэі байкоту выбараў?

- Сёння цывілізаваны свет не прызнае ні прэзідэнта РБ, ні так званы «парламент» законнымі прадстаўнікамі беларускага народа. У сувязі са складанасцямі ў беларускай эканоміцы ва ўмовах глабальнага крызісу ўладам неабходна дзесьці здабываць рэсурсы і фінансы для ўратавання сітуацыі. Хутчэй за ўсё, да канца года дэфіцыт гандлёвага балансу дасягне 4 млрд., кошты на газ і на нафту вырастуць. Гэтыя грошы ўлада плануе атрымаць за кошт продажу дзяржуласнасці. Галоўная мэта ўлады – легітымізаваць так званую «палату прадстаўнікоў», якая ўхваліць незаконную прыватызацыю. А таксама любыя іншыя рашэнні, у прыватнасці – аб уваходжанні Беларусі ў склад РФ. У якасці першага кроку магчымае прызнанне Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Галоўная ідэя байкоту – не дапусціць легітымізацыі гэтага дэкаратыўнага органа, які нават не мае права заканадаўчай ініцыятывы.

Байкот – гэта ідэя масаў, беларускага народа. Людзі не дурні: за ўсе гэтыя гады Лукашэнка добранька ім растлумачыў, што «палатка» нічога не вырашае. Адсюль – стыхійны байкот: народ не збіраецца ісці на «выбары». Калі дэмактывісты ходзяць у майках з надпісам «байкот», мінакі часцяком пытаюцца – байкот чаго? Тыя адказваюць: «Выбараў». У 9 выпадках з 10 далей ідзе пытанне: «Якіх выбараў»?

Так, частку людзей загоняць на датэрміновае галасаванне, якое ў беларускіх умовах даўно прызнанае фікцыяй. Таму мы будзем звяртаць увагу міжнародных назіральнікаў на колькасць тых, хто прагаласавалі менавіта 28 верасня.

Наш лозунг: 28 верасня мы байкатуем выбарчы фарс, а ўвечары выходзім на вуліцы Менску з патрабаваннем новых дэмакратычных выбараў.

- Ці магчымы байкот ва ўмовах, калі палова прадстаўнікоў апазіцыі не мае намер здымаць свае кандыдатуры?

- Калі людзі хочуць знаходзіцца ў кантрольнай групе тых, аб каго ўлада ў чарговы раз вытрэ ногі, гэта іх права. 29-30 верасня яны нам раскажуць аб сваіх неперадавальных адчуваннях.

- У 2000 г. сітуацыя была больш спрыяльнай для байкоту, аднак ён не атрымаўся…

- Байкот якраз-такі атрымаўся. У дзень галасавання па БТ адразу пасля «выбараў» прагучала шакуючая інфармацыя: «выбары» не адбыліся ні на адной з акругаў Менску і ні ў адным з абласных гарадоў. Тады быў шок і трымценне. Гэта было зафіксавана як міжнароднымі назіральнікамі місіі АБСЕ, так і назіральнікамі на ўчастках. Праз некалькі гадзінаў улады апамяталіся і пачалі адкручваць гэтую сітуацыю назад. Але нават у той час і ў тых умовах было прызнана, што «выбары» не адбыліся на многіх акругах Менску і Магілёву. А самае галоўнае, «палата» не прызнаная міжнароднай супольнасцю да гэтага часу.

- Вы згодныя, што байкот з першага дня быў бы шыкоўным падарункам уладзе: калі апазіцыя байкатуе, ды і фальсіфікаваць не трэба?

- Ініцыятары байкоту мелі дамоўленасці з кіраўнікамі дэмпартыяў аб тым, што будзе адпрацаваная схема «добры і дрэнны паліцыянт». Мы спадзяваліся, што ўлады пойдуць на мінімальныя саступкі і дэмакратызацыю. Дзякуючы пагрозе байкоту, былі вызваленыя палітвязні.

Апазіцыя, што бы яны не казалі, ужо прадэманстравала сваю сілу: 40 % зарэгістраваных кандыдатаў – яе прадстаўнікі. Да этапу фарміравання ўчастковых камісіяў яшчэ можна было казаць аб выбарах ці байкоце. Аднак пасля таго як у гэтыя камісіі дапусцілі ўсяго толькі 0,07% прадстаўнікоў дэмсілаў ад агульнай колькасці, стала зразумела: рыхтуюцца фальсіфікацыі. Сёння гаворка ідзе аб удзеле ў выбарчым фарсе да канца альбо аб зняцці кандыдатаў.

- 10 верасня на ўзроўні прэзідыўма палітрады АДС было ўзгодненае рашэнне, што кандыдаты ад АДС, магчыма, будуць працягваць удзел у «выбарах» да канца кампаніі…

- Кіраўніцтва партыі БНФ пацвердзіла рашэнне свайго сойму аб зняцці сваіх кандыдатаў. Ужо зняліся некалькі кандыдатаў дэмсілаў у Гомельскай вобласці. Аб далучэнні да байкоту заявілі хрысціянскія дэмакраты. Адзін з лідэраў АГП Станіслаў Багданкевіч кажа, што неабходна здымацца. Мяркуючы па ўмовах, вылучаных Еўрапейскім спісам, яны таксама рыхтуюць зняццё.

Зараз партыі абмяркоўваюць кампраміснае рашэнне – пакінуць 7-10 паказальных акругаў, на якія кінуць усе сілы, у тым ліку і назіранне. На іх погляд, гэта дазволіць прадэманстраваць падрабязнасці выбарчага фарсу ў Беларусі. Але ўжо сёння ўсе сябры АДС заявілі, што «выбары» свабоднымі і сумленнымі не з'яўляюцца.

- Не ці разумней выкарыстаць ліберальныя паслабленні гэтай кампаніі да канца?

- Індыкатар паслабленняў – допуск прадстаўнікоў дэмсілаў ва ўчастковыя камісіі. Назіральнікі, у тым ліку міжнародныя, не дапускаюцца да падліку галасоў. У адпаведнасці з законам яны па жаданні выбарчай камісіі павінны знаходзіцца падалей ад стала, каб не перашкаджаць. У выніку людзі прывозілі фота, дзе назіральнікі бачаць толькі філейныя часткі сябраў выбарчых камісіяў. Прапаноўвалася, каб у склад камісіяў было ўключана хоць бы 1,5 тыс. дэмакратаў з усіх 70 тыс. сябраў камісій. Пусціце хоць бы столькі! Не пусцілі. І гэта адразу кажа – магчымая фальсіфікацыя.

Нельга забываць аб рэпрэсіях супраць апазіцыі. Кожны дзень мы збіраем факты аб дзесятках выпадкаў арыштаў, выклікаў у КДБ, пракуратуру, збіванняў, выключэнняў з працы і ўніверсітэтаў, выклікаў у дэпартамент фінансавых расследаванняў.

- Няўжо магчымасць звярнуцца да выбаршчыка праз дзяржСМІ – недастатковы стымул для ўдзелу ў кампаніі?

- Многія журналісты ведаюць, што такое закрыццё сотняў незалежных газетаў, радыёстанцыяў і тэлестудыяў. Гэта нонсэнс – пагаджацца на знішчэнне яркіх, класных медыяў і браць замест іх танныя 5 хвілінаў, прычым гук крывы, святло не выстаўленае, усё ўбога, не ў прайм-тайм. Гэта не свабода слова – гэта пернікі для заваблівання прастадушных рэгіянальных дэмкандыдатаў і паказуха для Захаду.

- Прыхільнікі байкоту пазбаўляюць выбаршчыка права на законнага прадстаўніка ў ПП НС?

- Мы чулі такія сцвярджэнні: маўляў, гэта не выбары, а выбарчы фарс, але выбаршчык не вінаваты, таму ўсё роўна павінен удзельнічаць у гэтым працэсе. Па гэтай логіцы, грамадства спажыўцоў магло б заявіць: у краме на паліцах – пратэрмінаваныя прадукты, але пакупнік у гэтым не вінаваты, таму хай есць атручанае. На правах «таварыства абароны правоў палітычных спажыўцоў» мы кажам: не ешце атруту! Патрабуйце новых выбараў!

- Вы называеце выбары «фарсам», бо іх вынік нібыта перадвызначаны. У такім выпадку вынік байкоту не менш перадвызначаны: яўка ўсё роўна будзе забяспечаная…

- Не. Пасля «выбараў» у мясцовыя саветы камісіі адчытваліся: маўляў, прагаласавала больш за 50 %. Аднак я спецыяльна хадзіў на свой участак у дзень «выбараў»: там панавала пустэча. Гэтым разам будзе тое ж самае: людзі не ведаюць аб «выбарах» і не звязваюць з «палаткай» ніякіх надзеяў. Думаю, назіральнікі зафіксуюць, што ў дзень галасавання 28 чысла ніякай яўкі не было. У многіх акругах пройдуць безальтэрнатыўныя «выбары». Ужо сёння ёсць 12 такіх акругаў. Нават калі здымуцца не ўсе кандыдаты ад апазіцыі, колькасьць безальтэрнатыўных акругаў будзе не менш за 50. Беларусы не такія дурныя, каб усёй талакой ламануцца галасаваць за адзінага і непаўторнага прадстаўніка ўлады.

- Чаму Захад выступае супраць байкоту?

- Беларусь хочуць зрабіць не еўрапейскай, а лацінаамерыканскай краінай. Так, ёсць такая краіна Аргентына, дзе добра гуляюць у футбол. Нічога страшнага, што там 30 тыс. чалавек было выкрадзена і забіта. Тым не менш Захад гандляваў з Аргентынай, Бразіліяй, Парагваем і іншымі дыктатурамі. Сёння нам прапануюць такі ж варыянт. Ёсць сілы на Захадзе, якія кажуць: беларусы не створаныя для дэмакратыі. Ім падабаецца жыць пры дыктатуры. Таму трэба зафіксаваць, што ў Беларусі дыктатура лацінаамерыканскага тыпу. Маўляў, мы ж з дыктатурамі Лацінскай Амерыкай заўсёды спакойна гандлявалі – і тут будзем рабіць тое ж самае. Я як беларус выступаю за тое, што мы еўрапейская краіна і павінны ўвайсці ў ЕС, а не станавіцца бананавай рэспублікай.

- У апошні час апазіцыя пераключылася з крытыкі ўлады на крытыку «дэманічнай» постаці Анатоля Лябедзькі, перыядычна ўдакладняючы, ці ёсць у яго сумленне…

- Людзі справядліва крытыкуюць лідэраў партый – паважаных Лябедзьку, Калякіна, Статкевіча -- за іх канцэпцыю ўдзельнічаць у выбарчым фарсе да канца. Яны аддаюць перавагу выносіць уладам свае кітайскія папярэджанні, якія тыя паспяхова ігнаруюць.

Рэгіянальныя кандыдаты, якія пераадолелі велізарныя цяжкасці, цешаць сябе ілюзіяй: у 1996 г., 2000 г. і 2004 г. дэмакратаў у ПП НС не пусцілі, а раптам зараз прапусцяць? І тады іх жыццё зменіцца. Простыя актывісты маюць права на памылку. Аднак лідэры партыяў, вопытныя палітыкі, якія ведаюць асабіста Лукашэнку, права на наіўнасць не маюць.

- На думку сябра КПБ Васкрасенскага, насельніцтва не жадае бачыць у «парламенце» апазіцыю...

- Ну, вядома, у XXI стагоддзі беларусы хочуць галасаваць выключна за камуністаў.

- Тых, хто байкатуе, абвінавачваюць у «адпрацоўцы рэсурсаў, вылучаных пад байкот»...

- Упершыню чую такое абвінавачванне.

- Як, па-вашаму, скончыцца цяперашняя кампанія «выбараў» у ПП НС?

- Вынікі «выбараў» відавочныя ўжо сёння. Некалькі чалавек ад «дэмакратаў» прапусцяць у «палату». У кулуарах называюць прозвішчы Раманчука, Міхалевіча, Нісцюка. Хоць магчымыя варыянты.

Статус-кво захаваецца. Апазіцыя не прызнае гэтую «палату», роўна як і Захад. Шмат у якіх акругах «выбары» проста не адбудуцца. 28 верасня тысячы беларусаў выйдуць на вуліцы Менску з патрабаваннем новых выбараў – і іх голас будзе пачуты ў свеце.

Даведка «БелГазеты» . Зміцер Бандарэнка -- праваабаронца, адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». 28 верасня 2008 году яму споўніцца 45 гадоў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках