27 снежня 2024, Пятніца, 11:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У памяць аб беларускіх зніклых у Эйндховэне пасадзілі дрэвы (Фота)

16 верасня, ва ўгодкі знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, у галандскім горадзе-пабраціме Менску Эйндховэне прайшла акцыя ў памяць аб гвалтоўна зніклых беларусах.

Акцыя была праведзеная ініцыятывай «Мы памятаем» у супрацоўніцтве з шэрагам галандскіх няўрадавых арганізацыяў (НУА).

У аўторак 16 верасня пры ўдзеле гарадскіх уладаў у цэнтры Эйндховэна, які з 1995 года з'яўляецца горадам-пабрацімам Менска, былі пасаджаныя 4 дубы ў памяць аб гвалтоўна зніклых Юрыі Захаранку, Віктары Ганчары, Анатолі Красоўскім, Зміцеры Завадскім. Акцыя прайшла пры падтрымцы гарадскіх уладаў, прадстаўнік якіх, дэпутат муніцыпалітэту Мары Фірс, адкрыла мерапрыемства ўрачыстай прамовай. У сваёй прамове Мары Фірс адзначыла, што акцыя мае велізарнае сімвалічнае значэнне перш за ўсё для родных і блізкіх гвалтоўна зніклых беларусаў.

З прамовай таксама выступілі адмыслова запрошаныя госці з Беларусі: Дзмітры Маркушэўскі (Беларускі Хельсінскі Камітэт), Мікалай Канах і Алег Падалінскі (Прафсаюзны рух Беларусі), Ірына Красоўская (ініцыятыва «Мы памятаем»).

«16 верасня для мяне заўсёды было вельмі жалобным днём, — заявіла падчас акцыі Ірына Красоўская. — Для мяне гэты дзень быў змрочным, цёмным. Я не ведаю, дзе пахаваны мой муж, бацька маіх дочак, дзед маёй унучкі. Зараз у нас нарэшце ёсць месца, якое стане сімвалам вечнай памяці аб тым, каго мы страцілі. Сёння ўпершыню я перажываю светлыя пачуцці — нашае гора не забытае, і памяць аб гвалтоўна зніклых Анатолі Красоўскім, Віктары Ганчары, Юрыі Захаранку, Зміцеры Завадскім будзе жыць вечна».

Першае дрэва, дрэва ў памяць аб Анатолі Красоўскім, было пасаджанае Ірынай і Валерыяй Красоўскімі і Мары Фірс. Гонар пасадзіць дрэвы ў памяць аб Юрыі Захаранку, Віктары Ганчары, Зміцеры Завадскім быў аказаны Дзмітрыю Маркушэўскаму (Беларускі Хельсінскі Камітэт), Марыйцы Дюсел'е («Міжнародная амністыя»), Мікалаю Канаху і Алегу Падалінскаму (Прафсаюзны рух Беларусі), Берэнду Мользу (Федэрацыя нацыянальных прафсаюзаў Нідэрландаў), Юрыю Аўдсхорну (Mission To Minsk) і Леанору Акермансу (фонд «Солід»).

Пасля пасадкі дрэваў нідэрландскі паэт Леа Месман прачытаў верш, які ён прысвяціў чатыром зніклым беларусам. Затым усе, хто сабраліся, ўшанавалі памяць зніклых хвілінай маўчання, пасля чаго ў неба былі запушчаныя белыя паветраныя шары. Кульмінацыяй акцыі памяці сталі некалькі песняў у жывым выкананні мясцовага творчага калектыва. Тэксты песняў былі адмыслова напісаныя да Дня беларускай салідарнасці.

Каля дубоў, якія сімвалізуюць вечнае жыццё гвалтоўна зніклых беларусаў, усталяваная мемарыяльная дошка, на якой высечаныя імёны зніклых і верш Леа Месмана.

Пасля ўрачыстай пасадкі дрэваў удзельнікі акцыі прынялі ўдзел у дыскусіі «Спасцігаючы Беларусь». Дыскусія была праведзеная галоўным рэдактарам выдання SienceGuide П.Г. Кругерам і была прысвечаная сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Удзельнікі дыскусіі, прадстаўнікі беларускіх і нідэрландскіх недзяржаўных арганізацыяў, падзяліліся сваім меркаваннем аб тым, як галандскія НУА і ўрад Нідэрландаў могуць паўплываць на палітычны клімат у Беларусі. Дыскусія была арганізаваная пры падтрымцы найбуйнейшых нідэрландскіх палітычных партыяў: PvdA (Партыя Працы), GroenLinks (Партыя Зялёных) і SP (Сацыялістычная Партыя).

Прадстаўнік «Міжнароднай амністыі» Сабіна Звірс паведаміла, што ў планах яе арганізацыі пралабіраваць аналагічную акцыю ў наступным годзе ў Менску. Ініцыятыва «Мы памятаем» выказвае надзею, што планы «Міжнароднай амністыі» ажыццявяцца і што памяць гвалтоўна зніклых беларусаў будзе ўшанаваная і на іх радзіме. Ініцыятыва дзякуе НУА, якія зрабілі свой унёсак у арганізацыю акцыі, а таксама ўсім тым, хто так ці інакш ушанаваў 16 верасня памяць гвалтоўна зніклых беларусаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках