23 снежня 2024, панядзелак, 20:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады не расследуюць справы зніклых: сведчанні перададзеныя ў ААН (Відэа, фота)

Вядомы праваабаронца Алег Воўчак перадаў у Працоўную групу ААН па недабраахвотных знікненнях матэрыялы, якія сведчаць аб тым, што беларускія ўлады па-ранейшаму адмаўляюцца прадаставіць грамадскасці пэўную інфармацыю аб расследаванні «гучных» справаў аб знікненнях у Беларусі лідэраў апазіцыі і журналіста.

«На працягу года следчы пракуратуры Менска Кухаронак тры разы дасылаў нам суправаджальны ліст, у якім былі напісаныя два радкі: аб тым, што справа аб знікненні Захаранкі падоўжаная на тры месяцы, што аб выніку расследавання мы даведаемся па заканчэнні следчых дзеянняў. Сітуацыя са справамі аб знікненні іншых апазіцыянераў аналагічная. Іх «расследуе» адзін і той жа следчы вось ужо 9 гадоў. Я перадаў у Працоўную групу ААН па недабраахвотных знікненнях дыск з відэа- і фотасведчаннямі таго, як улады рэагуюць на акцыі ў памяць аб зніклых палітыках. Супрацоўнікі сілавых структур жорстка разагналі акцыю 16 верасня, збілі кандыдатаў у дэпутаты, хаця падобныя акцыі законныя, паколькі ёсць рашэнне Вярхоўнага суду, што стаяць з партрэтамі на плошчы можна, гэта не парушае законы. Да таго ж 16 верасня ў разгоне акцыі салідарнасці ўдзельнічаў старшыня Менскага гарвыканкама Міхаіл Паўлаў», -- адзначыў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Алег Воўчак.

На думку праваабаронца, відавочна, што ўлады не зацікаўленыя ў расследаванні справаў аб палітычных знікненнях.

Працоўная група па недабраахвотных знікненнях пачне працаваць у межах 86-й сесіі ААН у канцы лістапада ў Жэневе . Там і будзе паднятае пытанне аб расследаванні «гучных справаў у Беларусі.

Нагадаем, што ў 1999-2000 гадах у Беларусі зніклі першы віцэ-спікер Вярхоўнага савета Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнесмэн і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам, Юрый Захаренка, аператар ОРТ Зміцер Завадскі. Аб лёсе гэтых людзей нічога не вядома.

Аб неабходнасці высвятліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў пастаянна заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне раскрыць праўду аб іх знікненні змяшчаецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблей Рады Еўропы і АБСЕ.

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Наумову, кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта Віктару Шейману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і камандзіру СОБРа Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША з-за падазронаў у іх дачыненні да выкраданняў апазіцыянераў.

Фота ByMedia.net

Фота fotaczka

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках