29 снежня 2024, Нядзеля, 22:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Катаваньні ў беларускіх турмах: ўмовы бесчалавечыя, міліцэйскі гвалт і запужваньні

5

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека заклікала краіны сьвету ўстрымацца ад экстрадыцыі абвінавачаных у Беларусь. У краіне бесчалавечыя ўмоваў утрыманьня ў турмах ды ізалятарах.

Аб гэтым гаворыцца ў справаздачы аб умовах утрыманьня пад вартай у Беларусі, прэзэнтаванай у Менску Міжнароднай фэдэрацыяй правоў чалавека. У ёй сабраныя сьведчаньні аб негуманных умовах і катаваньнях у беларускіх турмах і пастарунках, паведамляе “Радыё Свабода”.

У справаздачы зробленая выснова, што “ўмовы ўтрыманьня пад вартай у Беларусі скрайне нездавальняючыя і ўяўляюць сабою формы бесчалавечнага абыходжаньня, забароненага Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канвэнцыяй ААН супраць катаваньняў і іншага жорсткага, бесчалавечнага і прыніжальнага абыходжаньня”.

Да такіх умоваў адносіцца тое, што беларускія зьняволеныя ня могуць атрымаць доступ да асноўных прававых дакумэнтаў, што сьледчыя ізалятары перапоўненыя, што там непрымальны клімат, распаўсюджаныя сухоты, якасьць ежы кепская...

Праваабаронцы таксама робяць выснову, што асабліва цяжкія ўмовы ў адміністратыўна затрыманых: адсутнасьць ложкаў, душа, прагулак, перапоўненасьць камэраў, антысанітарныя ўмовы, нізкая якасьць ежы і вады, немагчымасьць атрымліваць перадачы. Апрача таго масавыя затрыманьні ў моманты палітычнага напружаньня пагаршаюць і гэтыя ўмовы,-- пішуць праваабаронцы..

Яны рэкамэндуюць беларускім уладам правесьці сур’ёзную рэформу крымінальнага працэсу і пэнітэнцыярнай сыстэмы, каб выключыць жорсткае абыходжаньне з вязьнямі.

Умовы ўтрыманьня ў беларускіх турмах можна кваліфікаваць як катаваньні

Беларуская пэнітэнцыярная сыстэма занадта закрытая, яна недастаткова ўлічвае правы чалавека, ня мае эфэктыўных мэханізмаў абароны людзей, пакрыўджаных у гэтай жа сыстэме, — перакананы старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак

БХК разам зь міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі сёлета рабіў маніторынг сытуацыі ў беларускіх турмах на прадмет іх адпаведнасьці нормам, зацьверджаным ААН. Ягоныя вынікі, высновы і рэкамэндацыі былі яшчэ вясной пададзеныя ў Міністэрства ўнутраных спраў і Мін’юст. Да гэтага часу адказаў няма. Беларускае кіраўніцтва не зацікаўленае ў сыстэмных рэформах, хоць пэўныя зрухі і заўважаюцца,— кажа Алег Гулак.

Алег Гулак мяркуе, што некаторыя ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх турмах можна кваліфікаваць як катаваньні. Акрамя таго, актуальнай застаецца праблема міліцэйскага гвалту ў турмах, асабліва ў дачыненьні да людзей зь нізкім сацыяльным статусам. Матэрыялаў на гэтую тэму БХК мае шмат.

“Гэтую праблему немагчыма вырашыць, не зьмяніўшы належным чынам наш судовы працэс, каб суд не займаў абвінаваўчай пазыцыі і не прызнаваў паказаньні, дадзеныя на папярэднім сьледзтве, калі чалавек пазьней ад іх адмаўляецца”,— перакананы Алег Гулак.

Экс-міністар і экс-амбасадар Міхаіл Марыніч. Быў зьняволены 26 красавіка 2004 году, выйшаў на свабоду 14 красавіка 2006 году. Правёў за кратамі 719 дзён.

У турме ў Міхаіла Марыніча здарыўся інсульт, у яго адабралі лекі, фактычна не было дапамогі. У турме яго прызналі інвалідам другой групы. Жонка Міхаіла Марыніча Тацяна пра сваю сустрэчу з мужам:

“Мы бачыліся праз шкло, але ўсё роўна — вялікае шчасьце, што мы ўбачыліся. Ён пачуваецца крыху лепей, цяпер ён у шпіталі. Пасьля кропельніцы адчувальнасьць у яго падвысілася. Але ўсё роўна, здароўе ня лепшае: вільгаць і холад у турме робяць сваю справу. Нармальна лячыцца ў турэмным шпіталі ўсё адно немагчыма, ён марыць пра тое, як будзе лячыцца ў цывільным шпіталі”.

Экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір. Быў зьняволены 30 сакавіка 1999 году, выйшаў на свабоду 30 лістапада 1999 году – за кратамі быў 246 дзён.

Міхаіл Чыгір пра ўмовы на Валадарцы:

“У ізалятары ёсьць камэры ў падзямельлі і там улетку такая духата, што людзі ня могуць дыхаць. Усе сьцены плачуць, цякуць. Паветра не хапае. Вэнтыляцыі дастатковай няма. Умовы страшныя і многія ж не вытрымліваюць. Чалавек сядзіць у клетцы, мае там два квадратныя мэтры – назад-наперад. І 30 хвілінаў прагулкай называецца, дзе неба таксама праз краты. Вядома, што цяжка гэта ўсё успрымаецца, пераносіцца. Калі чалавек учыніў злачынства, ён мусіць быць да гэтага гатовы. А для таго, хто нічога незаконнага не рабіў, наогул, незразумела за што і чаму. І гэтае пытаньне паўстае штодня. Ну, заўтра паглядзяць, разьбяруцца, ну пасьлязаўтра...

Чалавек не разумее чаму – вось жалезныя дзьверы зачыняюцца і на гэтым усё. Як робіцца?! Віну не прызнаеш – сьледчы пайшоў. Месяц, другі – сьледчы не прыходзіць. І што чалавек павінен думаць? Прыйшоў праз два месяцы, пытаецца: “Ты прызнаеш?” Не прызнаеш. І зноў пайшоў на два месяцы. Гэта ня кожны можа вытрымаць...”

Валеры Шчукін. Шмат разоў адбываў адміністрацыйныя аршыты. Па крымінальнай справе за спробу трапіць на прэсавую канфэрэнцыю міністра ўнутраных спарваў быў зьняволены 12 чэрвеня 2001 году, выйшаў на свабоду 13 верасьня 2001 году. Адсядзеў ў жодзінскай турме 94 дні

З усіх адседак Шчукіну найбольш востра згадваецца адзін дзень у Жодзінскай турме. Дзень, калі яму гвалтам пагалілі бараду:

“І вось мяне пасадзілі.З аднаго боку мардаварот, з другога таксама, але ўжо з тупым лязом “Ніва”. Сказалі, што, калі буду варушыцца, будуць біць дубінкамі. А паколькі біць дубінкамі – мяне не спужаеш, то сказалі, што будуць галіць на сухую. І ў мяне адразу сьлёзы на вачах. У мяне вельмі жорсткая шчаціна. Уласна, гэта адна з прычынаў, чаму я нашу бараду – у мяне з гэтым усё жыцьцё былі праблемы. І калі я ўявіў, што яны будуць насуха мяне галіць, то сказаў гэтаму зэку: “Добра, выконвайце каманду, я на вас крыўды ня буду трымаць”.

Прадпрымальнік Валеры Леванеўскі. Быў зьняволены 1 траўня 2004 году, выйшаў на свабоду 15 траўня 2006 году. Правёў за кратамі 745 дзён

З турэмнага дзёньніка:

“Хтосьці спэцыяльна выключыў у нашай камэры гарачую ваду…

Памыўся халоднай вадой. Кеша і Сяргей мыцца пад халоднай вадою адмовіліся. Кеша, сукамэрнік, 49 гадоў. Сядзеў, па ягоных словах, шмат разоў. У камэру прыйшоў два-тры тыдні таму, брудны, безь бялізны, без шкарпэтак, у падраных спартовых портках і зімовых чаравіках… Адмылі мы яго… Любіць лазіць па маіх рэчах, калі я сплю. Перадачаў яму ня носяць. Можа дзень і ноч сам з сабою размаўляць. Пастаянна крыўдзіць Сярожу. Сяргей з Наваградку, 1977 году нараджэньня. Глуханямы. Пасадзілі яго дзён 10 таму, таксама ўсяго бруднага і абадранага. І дзе яны такіх знаходзяць? Увесь час мыкае нешта. Жыве у асноўным інстынктамі: пад’есьці, схадзіць у прыбіральню і г.д. Але патроху выхоўваецца. Навучыў я яго мыць рукі пасьля прыбіральні. Стымул — цыгарэта…”

Аляксей Шыдлоўскі. Быў зьняволены за графіці палітычнага зьместу 25 жніўня 1997 году, выйшаў на свабоду 23 лютага 1999 году. Правёў за кратамі 548 дзён.

Успамін пра турму і сьледчы ізалятар:

“У Жодзінскай турме, дзе я сядзеў да суду, ахоўнікамі былі сапраўдныя каты. Ну як каты? Сялянскія хлопцы, якім далі ў рукі палкі і бязьмежную ўладу над вязьнямі. Маглі вывесьці ў калідор і надаваць палкай па нырках, маглі ўзяць вядро вады і выліць на асабістыя рэчы, ці заліць пол у камэры, каб потым кружкамі вычэрпвалі ваду.

Потым мяне перавялі ў менскі ізалятар на Валадарскага, якім тады кіраваў Алег Алкаеў. Паводле маіх зьвестак, гэта ён загадаў перавесьці мяне з падвалу ў камэру на 4-м паверсе, дзе хаця б было нейкае паветра. Бо ўнізе можна было натуральна згніць. Там любая рана не загойваецца, а пашыраецца. Калі б былі добрыя вітаміны, яшчэ магчыма было б ўратавацца. Але вітамінаў ніякіх не давалі. Бінты давалі і ўсё”.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках