27 снежня 2024, Пятніца, 0:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Казулін: «Прыватызацыя ў краіне не павінна праходзіць шляхам закулісных пагадненняў»

1
Аляксандр Казулін: «Прыватызацыя ў краіне не павінна праходзіць шляхам закулісных пагадненняў»

Былы беларускі палітвязень Аляксандр Казулін знаходзіцца ў ЗША з працоўным візітам. Палітык перасцярог Захад ад прызнання «парламенцкіх выбараў» у Беларусі, паколькі іх вынікі ўжо перадвызначаныя ў адміністрацыі Лукашэнкі.

У палітыка ўжо адбыўся шэраг сустрэчаў з высокапастаўленымі прадстаўнікамі Дзярждэпартамента, апарата дарадцы па нацыянальнай бяспецы ЗША, а таксама з супрацоўнікамі Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі, Міжнароднага рэспубліканскага інстытута і Нацыянальнага дэмакратычнага інстытута, паведамляе радыёстанцыя «Голас Амерыкі».

Аднак галоўныя падзеі знаходжання беларускага палітыка ў ЗША - сустрэча з прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам у межах чарговай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, якая пачынаецца ў Нью-Ёрку,а таксама кантакты з дарадцамі па знешняй палітыцы выбарчых штабоў Джона Макейна і Барака Абамы.

22 верасня Аляксандр Казулін выступіў у Міжнародным Рэспубліканскім інстытуце (IRI) у Вашынгтоне, дзе падзяліўся з прысутнымі палітолагамі, дыпламатамі і журналістамі бачаннем сітуацыі ў Беларусі.

Перш за ўсё, ён падзякаваў амерыканскаму народу, ураду ЗША і асабіста прэзідэнта Буша за ўдзел у ягоным лёсе. Казулін лічыць, што ўмяшанне Злучаных Штатаў, якія запатрабавалі разгляд яго справы ў Радзе бяспекі ААН, фактычна выратавала яму жыццё, бо менавіта гэта было адной з умоваў спынення ім працяглай галадоўкі.

Ён таксама падзякаваў ЗША за праяўленую гатоўнасць аказаць медыцынскую дапамогу яго жонцы - Ірыне Казлінай, аднак яе хвароба да таго моманту зайшла занадта далёка. Аляксандр Казулін падкрэсліў, што яго жонка змагалася не толькі за яго вызваленне, але што яна ахвяравала сабой дзеля свабоды і незалежнасці Беларусі.

Выступаючы ад імя дэмакратычных сілаў Беларусі, ён падрабязна спыніўся на праблемах «парламенцкіх выбараў», якія маюць адбыцца 28 верасня, і перасцярог Захад ад паспешнага прызнання іх вынікаў у абмен на другасныя саступкі рэжыму.

На думку Казуліна, ход перадвыбарчай кампаніі не дазваляе спадзявацца на сумленныя і справядлівыя выбары. Іх вынікі ўжо перадвызначаныя ў адміністрацыі Лукашэнкі, і ні адзін з аўтарытэтных прадстаўнікоў апазіцыі і крытыкаў рэжыму ў так званую «палатку» проста не патрапіць.

«Больш за тое, - падкрэсліў ён, - нягледзячы на вызваленне апошніх палітвязняў, у краіне ў любы момант можа быць ізноў развязаная кампанія жорсткіх рэпрэсіяў супраць апанентаў рэжыму».

Адным з найбольш рэальных шляхоў выхаду з сістэмнага крызісу, які ахапіў краіну, Казулін бачыць у правядзенні «круглага стала» з удзелам прадстаўнікоў уладаў і дэмакратычнай апазіцыі пры пасярэдніцтве ЕЗ і ЗША.

Беларуская апазіцыя павінна стаць актыўным суб'ектам такіх перамоваў, што дазволіць пазбегнуць таго, каб лёс краіны і яе дэмакратычнай будучыні вырашаўся за спінай удзельнікаў палітычнага працэсу.

Аналагічнае рашэнне можа таксама спрацаваць і ў праблемах з замежнымі інвестыцыямі. Прыватызацыя ў краіне не павінна праходзіць шляхам закулісных пагадненняў рэжыму з сумніўнымі партнёрамі, як гэта адбываецца сёння.

Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін быў арыштаваны за арганізацыю акцыяў пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Дзень Волі 25 сакавіка 2006 года. 13 ліпеня 2006 года Менскі суд прысудзіў Казуліна да 5 з паловай гадоў турэмнага зняволення.

Брутальна сфабрыкаваная справа Казуліна і неапраўдана жорсткі прысуд, трагічны лёс яго жонкі - Ірыны Казулінай, якая памерла ад цяжкай хваробы, так і не дачакаўшыся яго вызвалення - прыцягнулі ўвагу ЗША і Еўрапейскага Звязу да лёсу іншых палітвязняў беларускага рэжыму.

Адмова ўладаў вызваліць Казуліна і іншых палітвязняў стала адной з прычынаў увядзення Злучанымі Штатамі санкцыяў супраць беларускіх уладаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках