25 снежня 2024, Серада, 23:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У палове акругаў Менска няма дэмакратаў. Апазіцыя заклікае да акцыяў пратэсту

5
У палове акругаў Менска няма дэмакратаў. Апазіцыя заклікае да акцыяў пратэсту

У 9 з 20 выбарчых акругаў Менска няма дэмакратычных кандыдатаў. Апазіцыя заклікае міжнародную супольнасць не прызнаваць «парламенцкія выбары» легітымнымі і гатовая выйсці 28 верасня, у 20.00 на Кастрычніцкую плошчу Менска, каб запатрабаваць правядзення новых свабодных выбараў.

Колькасць безальтэрнатыўных акругаў, з адным праўладным кандыдатам, па ўсёй краіне таксама няўхільна расце. Цяпер іх 16. Колькасць акругаў без дэмакратычных кандыдатаў -- 35. З улікам зняцця з «выбараў» кандыдатаў у дэпутаты ад Еўрапейскага спісу, пра што было абвешчана 26 верасня, гэтыя лічбы могуць узрасці.

Мізэрны адсотак прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партыяў ва ўчастковых выбарчых камісіях – усяго 47 чалавек з 69.865 (0,07 %) – на думку апазіцыі, сведчыць аб тым, што сумленнага падліку галасоў падчас гэтых «выбараў» у краіне зноў не будзе.

Акрамя таго, вельмі высокі адсотак нерэгістрацыі дэмакратычных кандыдатаў. Цяпер у «выбарах» удзельнічаюць 263 кандыдаты. Усяго, нагадаем, дакументы на рэгістрацыю падавалі 365 чалавек. Не былі зарэгістраваныя каля 80 прэтэндэнтаў, і больш за 20 знялося з «выбараў» добраахвотна. Сярэдні конкурс кандыдатаў на адно месца складае 2,4 чалавекі. У 2000 годзе, калі большасць структураў апазіцыі праводзілі актыўны байкот «выбараў», гэты каэфіцыент складаў 5,5 чалавек. Назіральнікі адзначаюць нізкую цікавасць беларусаў да так званых «выбараў», якія адбываюцца.

Акрамя таго, падчас датэрміновага галасавання праваабаронцамі была зафіксаваная велізарная колькасць фактаў парушэнняў. З выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу людзей прымушалі прыйсці на выбарчыя ўчасткі раней часу. Асабліва ўражвае, што на многіх участках датэрмінова прагаласавалі парадка 80 адсоткаў студэнтаў, хоць ва ўсім свеце студэнцтва – найменш актыўная частка выбаршчыкаў. Навучэнцаў ВНУ прымушалі галасаваць датэрмінова пад ціскам, пагражаючы выключэннем ці пазбаўленнем месцаў у інтэрнатах. Апазіцыйныя палітычныя партыі ў сваёй спецыяльнай заяве адзначылі, што датэрміновае галасаванне ўжываецца беларускімі ўладамі выключна для фальсіфікацыі вынікаў галасавання.

Апазіцыя падчас выбарчай кампаніі выкарыстала дзве тактыкі. Прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», «Маладога фронту» першапачаткова выступалі за байкот «выбараў». Пазней да іх далучыліся многія кандыдаты ад дэмакратычных партыяў, якія не былі зарэгістраваныя Цэнтравыбаркамам ці заявілі аб зняцці сваіх кандыдатураў у знак пратэсту супраць шматлікіх парушэнняў падчас "выбараў". Учора аб намеры зняцца заявілі многія кандыдаты дэмакратычнага Еўрапейскага спісу. Кіраўнікі апазіцыйных партыяў пытанне зняцця ці незняцця з «выбараў» пакінулі на меркаванне саміх кандыдатаў, рэкамендаваўшы ім пры гэтым засяродзіцца на выкрыцці выпадкаў фальсіфікацыі «выбараў». Большасць кандыдатаў-дэмакратаў напісалі заявы, што лічаць гэтыя «выбары» несправядлівымі і несвабоднымі і аб тым, што прызнаваць новую «палату» катэгарычна нельга. Апазіцыя адзіная ў галоўным: «парламенцкія выбары» нельга прызнаваць легітымнымі, а 28 верасня неабходна выходзіць на Плошчу.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках