Падчас ператруса ў мастака Алеся Пушкіна забралі кампутар
6- 3.09.2008, 15:53
Мастак Алесь Пушкін патрабуе вярнуць яму рэчы, забраныя падчас ператруса па справе аб выбуху ў сталіцы. З адпаведнай заявай ён звярнуўся да пракурора Менска Мікалая Куліка.
Ператрус у хаце мастака ў пасёлку Бобр (Крупскі раён Менскай вобласці) праводзіўся 27 жніўня. "У гэты дзень мяне выклікалі на допыт па справе аб выбуху ў Менску ва ўпраўленне крымінальнага вышуку УУС Менаблвыканкама. Следчы са мной быў ветлівы, таварыскі. А потым мне патэлефанавала жонка Яніна і сказала, што ў нас у хаце супрацоўнікі КДБ правялі ператрус", — сказаў А.Пушкін.
Як паведаміў мастак, у яго забрана 56 прадметаў: кампутар, кампутарныя кружэлкі, відэа- і аўдыёдыскі, відэакасеты, кнігі. "Самае цікавае, што ў мяне забраная нейкая папера — ксеракопія за подпісам былога шэфа КДБ Сцяпана Сухарэнкі. Што гэта за папера, які ў ёй змест— я не ведаю. Я такога ў сябе не памятаю", — сказаў А.Пушкін.
"Я лічу, што ператрус і выклік ва ўпраўленне крымінальнага вышуку супалі па часе не выпадкова. Будзь я на месцы, я бы гэтых ператрусчыкаў проста выкінуў са сваёй хаты. Яны выдатна разумеюць, што я бы так і зрабіў. Калі бы я іх выгнаў, я бы дадаў ім складанасцяў: тады былі б і кайданкі, скандал, трэба было б ўзбуджаць супраць мяне крымінальную справу. А так мяне проста адправілі ў Менск, і ўсё", — лічыць А.Пушкін.
"І наогул, гэтая беларуская законапаслухмянасць дазваляе ўсялякім органам сесці нам на шыю. Раней, калі жадалі не даць правесці мерапрыемства, "мінавалі" мастацкія галерэі, залы. Нават Крапівенскае поле, на якім традыцыйна праводзіцца Дзень беларускай вайсковай славы, і то летась "замінавалі". Цяпер ломяцца з ператрусамі да мастакоў. Трэба спыняць гэтае бязладдзе", — лічыць А.Пушкін.
Па меркаванні мастака, ягоную маёмасць яму вернуць не раней чым праз паўгады.