26 снежня 2024, Чацвер, 7:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У адказ на масавыя фальсіфікацыі Лукашэнка патрабуе адмены санкцый

28
У адказ на масавыя фальсіфікацыі Лукашэнка патрабуе адмены санкцый

Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся з кіраўніком місіі назіральнікаў ПА АБСЕ Анн-Мары Лізэн і прапанаваў Еўрапейскаму звязу адмяніць санкцыі ў адносінах ягонага рэжыма.

"Мы чакаем ад вас адмены ўсякіх санкцый, якія вы ўвялі, пакрыўдзіўшы беларускі народ", - заявіў Лукашэнка.

Па словах беларускага кіраўніка, "Еўропа па двух прычынах не мае права ўводзіць санкцыі". "Па-першае, у апошняй вайне мы абаранялі ўсю Еўропу. Па-другое, Чарнобыльская трагедыя. Не мы будавалі гэтую станцыю, не мы яе эксплуатавалі, не мы яе выбухнулі, але 85% няшчасця выпала на Беларусь. Так навошта вы падкідваеце нам Еўрапейскі Чарнобыль, уводзячы санкцыі", - сказаў А.Лукашэнка, звяртаючыся да А.-М.Лізэн.

"Мы не патрабуем грошай, уступлення ў Еўрапейскі звяз, але давайце нармальна супрацоўнічаць. Калі ў гэтым супрацоўніцтве - палітычным, эканамічным Еўропа зробіць два крокі, то мы зробім тры крокі насустрач", - сказаў А.Лукашэнка.

"Мы не жадаем жыць за кошт еўрапейцаў, але трэба размаўляць", - адзначыў ён. Па ягоных словах, "калі Еўропа не гатовая да гэтага, то вы скажыце, мы вас зразумеем".

Кажучы аб візавых абмежаваннях у адносінах беларускіх чыноўнікаў, уведзеных Еўразвязам, А.Лукашэнка заявіў: "Улічыце, што візавыя праблемы ў адносінах Лукашэнкі і іншых стаяць на апошнім месцы".

Па меркаванні прэзідэнта, "у Еўропе пачынаюць разумець, што зрабілі няправільны крок". "Што гэта за пазіцыя: Мы не пусцім у Германію, Аўстрыю, Бельгію? А мы вас (еўрапейцаў - ІФ) будзем усіх пускаць. Вось такі асіметрычны адказ", - сказаў ён. Ён лічыць, што "візавыя абмежаванні - гэта ганьба Еўропы".

Аб ацэнцы «выбараў» з боку АБСЕ

«Мы не чакалі ад вас рэвалюцыйных прызнанняў. Для мяне самае галоўнае тое, што, па вашым меркаванні, нашыя «выбары» былі праведзеныя ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам», - заявіў Лукашэнка. – «Якімі бы не былі законы ў краіне, іх трэба выконваць. Пакуль не зменены закон, грамадзяне краіны павінныя жыць выключна па гэтым законе».

«Вы ўсе ўважліва павінныя ацаніць, што зроблена ў Беларусі за апошні час… Не спяшацца і не рабіць пад дыктоўку нейкай дзяржавы паспешлівыя высновы», - сказаў ён.

«Ацэньваючы папярэдняе заключэнне АБСЕ, я думаю, што гэтая адзнака 50 на 50», - заключыў Лукашэнка. – «Вы адзначылі і станоўчае, але і, як звычайна, а гэта штампы АБСЕ, адзначылі, што не спадабалася».

Аб адносінах з Расеяй

«Будзе вельмі вялікай памылкай Еўропы, калі яна будзе патрабаваць паляпшэння адносінаў, за кошт пагаршэння адносінаў з Расеяй», - заявіў Лукашэнка. - «Не думаю, што Еўропе выгодныя дрэнныя адносіны Беларусі з Расеяй, бо сама Еўропа разлічвае на паляпшэнне адносінаў з Расеяй».

«Мы разумныя людзі і гатовыя знайсці тую раўнадзейную, каб дзейнічаць і ў інтэрасах Еўропы, і ў інтэрасах Расеі», - удакладніў Лукашэнка.

«Мы хочам, каб вы ў Еўропе былі паслядоўныя. Вы папракаеце, што ў часы СССР намі была пабудаваная "жалезная заслона". Так навошта вы вакол нас узводзіце гэты жалезны плот… Трэба зняць гэты плот і пачынаць нармальны палітычны дыялог», - прапанаваў Лукашэнка.

«Нельга ігнараваць краіну, якая знаходзіцца ў сэрцы Еўропы», - лічыць Лукашэнка, адзначыўшы, што «у нас не тая сітуацыя, каб паўзці ў Еўропу».

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках