25 снежня 2024, Серада, 7:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежны прафсаюз «Нафтану» не прызнаюць

2

Пасьля ўваходу прадпрыемства «Палімір» у вытворчае аб”яднаньне «Нафтан» Незалежны прафсаюз падаў дакумэнты на перарэгістрацыю свайго статусу.

Але гарадзкія ўлады адмаўляюцца прызнаць, што недзяржаўны прафсаюз цяпер таксама стаў агульнай арганізацыяй, паведамляе «Радыё Свабода».

Паводле прафсаюзнага актывіста Ўладзімера Русіна, за 15 год свайго існаваньня Незалежны прафсаюз упершыню сутыкнуўся з праблемай у перарэгістрацыі:

“Мы чакалі звычайнай фармальнасьці – “Палімір” страціў самастойнасьць, і ўсе мы сталі “нафтанаўцамі”, то й прафсаюз атрымае новы.статус. Быў Незалежны прафсаюз “Паліміру”, а цяпер мусіць быць Незалежны прафсаюз ААТ “Нафтан”. Наша юрыдычная служба кантактавала з гарвыканкамам, і па тэлефоне цягам месяца нам казалі, што вось-вось, і дакумэнты будуць гатовыя. А потым прыйшла адмова. Мы ўсё ж думалі, што жывём у прававой дзяржаве, але гарадзкія ўлады нам паказалі, што трэба нейкія іншыя сродкі задзейнічаць, каб абстаяць сваё права на існаваньне незалежнага прафсаюзу на “Нафтане”, -- паведаміў прафсаюзны актывіст.

Старшыня недзяржаўнай прафсаюзнай суполкі Іван Сьвятоха ўжо накіраваў скаргу ў пракуратуру, бо лічыць адмову, падпісаную намесьніцай старшыні гарвыканкаму Лідзіяй Афанасьевай супрацьзаконнай.

Тым больш, што кіраўніцтва “Нафтану” фактычна прызнала незалежны прафсаюз агульным для ўсіх структурных частак: генеральны дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Якушаў прапанаваў прафсаюзным актывістам узяць удзел у працы камісіі па фармаваньню новай калектыўнай дамовы.

Пакуль работнікі структурнага падразьдзяленьня “Завод “Палімір” працуюць паводле “нафтанаўскай” калектыўнай дамовы - зь імі перазаключаныя кантракты, дзе пазначана, што ўсе яны працуюць на агульным прадпрыемстве “Нафтан”. Таму, на думку актывістаў, меркаваньне гарадзкіх уладаў пра тое, што суполку Незалежнага прафсаюзу можна разглядаць толькі як асобную грамадзкую арганізацыю на асобным прадпрыемстве, выглядае нелягічным.

Да таго ж з 1-га сьнежня, калі два прадпрыемствы аб”ядналіся ў адно, да Незалежнага прафсаюзу далучыцца і рабочыя былога асобнага “Нафтану”– з тых, хто ніколі на “Паліміры” не працаваў. Таму непрызнаньне незалежнай суполкі агульнай для ўсяго прадпрыемства рабочыя лічаць сьвядомым памкненьнем гарадзкіх уладаў зьменшыць уплыў недзяржаўнага прафсаюзу на жыцьцё працоўнага калектыву.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках