На «Еўрабачанні» у Маскве Беларусь прадставіць Пётр Ялфімаў (Відэа)
102- 20.01.2009, 0:00
Спявак Пётр Елфімаў стаў пераможцам тэлевізійнага праекту «ЕўраФэст» - нацыянальнага адборачнага тура «Еўрабачання».
На "Еўрабачанні", якое пройдзе ў Маскве, Пётр Ялфімаў выканае песню "Eye, that never lie".
Фінал конкурсу прайшоў 19 студзеня ў сталічным Палацы спорту і трансляваўся ў прамым эфіры Першага канала і тэлеканала "Беларусь-ТБ".
Пераможца ўпершыню быў вызначаны па выніках тэлефоннага галасавання тэлегледачоў. П.Ялфімаў набраў 11.475 галасоў. Раней тэлегледачы выбіралі толькі паўфіналістаў праекту, а пераможцу вызначала прафесійнае журы.
У фінал конкурсу вышлі пяць удзельнікаў: Gunesh, П.Ялфімаў, Дамяніка, група Litesound і Дакота, група "Вецер у галаве". Другое месца ў фінале заняла Gunesh, якая набрала 7.949 галасоў, паведамляе БелаПАН.
У цяперашнім годзе ў правілах міжнароднага конкурсу "Еўрабачанне" таксама адбыліся змены: галасаванне краінаў-удзельніцаў будзе складацца з вынікаў галасавання тэлегледачоў і галасавання журы кожнай краіны ў суадносінах 50 на 50. Як і летась, на конкурсе будзе арганізаваныя два паўфіналы.
У прадстаўніка Беларусі толькі адзін раз атрымлівалася выйсці ў фінал конкурсу — у 2007 годзе Дзмітры Калдун заняў шостае месца. Летась Руслан Аляхно не прайшоў у фінал "Еўрабачання".
Некалькі гадоў запар Пятра Ялфімава літаральна ўгаворвалі паехаць на "Еўрабачанне", але той адмаўляўся наадрэз. Але пасля няўдалага выступу Руслана Аляхно ўсёткі вырашыў – трэба ўдзельнічаць.
"У нас ужо гатовая песня, а я ў сне ўбачыла, якім будзе нумар! Так што мы гатовыя і хочам з дня на дзень падаць заяўку! – заявіла ў інтэрв'ю беларускім СМІ яшчэ ў 2008 годзе дырэктар Пятра Ялфімава Таццяна Касмачова. - - А што нам губляць? Час нам сваіх беларускіх артыстаў адпраўляць, а не толькі тых, хто ў Маскве працуе".