Ціхановіч: Промапрадукцыю Ялфімава на «Еўрабачанне» павязем на БелАЗе
17- 21.01.2009, 10:13
Салодкую промапрадукцыю Пятра Ялфімава ў Маскву на «Еўрабачанне-2009» павязуць на БелАЗе, сказаў кіраўнік праекту «Еўрафэст» Аляксандр Ціхановіч.
«Ёсць папярэдняя дамоўленасць з кандытарскай фабрыкай «Слодыч» аб вырабе салодкай промапрадукцыі. Можа, у гэты раз БелАЗ з сабой прывязем. Жарт, вядома», - заявіў Аляксандр Ціхановіч БелТА.
Кажучы сур'ёзна аб планах падрыхтоўкі артыста, якому беларускія гледачы ўручылі пуцёўку на «Еўрабачанне», кіраўнік праекту назваў краіны, дзе намячаецца проматур Пятра Ялфімава.
«Пецю павінныя ведаць ў краінах, якія за нас галасуюць, у краінах СНД, а таксама ў Германіі, Францыі, Іспаніі і Англіі, якія ладзяць конкурс. У Англію, дарэчы, ужо ёсць запрашэнне. Запрашэнне ад Грэцыі на фінал, дзе будзе абраная песня краіны на «Еўрабачанні-2009», агучыў у эфіры фіналу «Еўрафэста» Сакіс Рувас. Паступае шмат тэлефанаванняў, прапановаў, але маршруты проматура павінныя быць граматнымі», - лічыць кіраўнік праекту «Еўрафэст».
Аляксандр Ціхановіч не цешыць сябе ілюзіяй, што на конкурсе ў Маскве будзе прасцей, чым за мяжой. Але псіхалагічна будзе лягчэй, упэўнены ён.
Што датычыцца песні, з якой беларускі ўдзельнік мае намер дастукацца да сэрцаў еўрапейскай публікі, будзе зроблена некалькі аранжыровак і абраная найбольш падыходзячая. Пётр Ялфімаў стаў пераможцам фіналу «Еўрафэста» з кампазіцыяй «Eyes, that never lie» (П. Ялфімаў - У. Прахожы). Песню аб каханні «Вочы, якія ніколі не ілгуць» спявак не намераны мяняць, паколькі яна распавядае аб ягоным жыцці.