26 снежня 2024, Чацвер, 17:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інтэрнэт-выданні не будуць прымушаць рэгістравацца. Пакуль

Абавязковая рэгістрацыя інтэрнэт-выданняў, прадугледжаная новым беларускім законам аб СМІ, адкладаецца на некаторы час.

Замест яе Міністэрства інфармацыі прапаноўвае рэгістрацыю па добраахвотным прынцыпе.

З моманту прыняцця новага Закона аб СМІ Савету міністраў давалася пяць месяцаў для таго, каб падрыхтаваць неабходныя праекты нарматыўных дакументаў і прывесці ў адпаведнасць з новым законам заканадаўчую базу. За гэты час павінна была быць прынятая, у тым ліку, і пастанова аб рэгістрацыі і рэгуляванні дзейнасці інтэрнэт-выданняў. Хоць у належны тэрмін быў прыняты цэлы шэраг дакументаў, датычных «спрэчных» пунктаў закона (дзейнасці прадстаўніцтваў замежных СМІ у Беларусі, акрэдытацыі журналістаў у краіне, увядзення журналісцкага пасведчання адзінага ўзору), аб рэгістрацыі практычна перад самым уступленнем новага закона ў сілу не чуваць нічога.

«Такі дакумент у нас не распрацоўваўся, – паведамілі «Ежедневнику» у прэс-службе Саўміна. – У дадзены момант ніякай працы па яго распрацоўцы не вядзецца і ў хуткім часе не плануецца».

Юрысты Міністэрства інфармацыі паведамілі, што рэгістрацыя інтэрнэт-СМІ, у прынцыпе, плануецца, аднак яна можа пачацца толькі пасля з'яўлення адпаведнага нарматыўнага акту. Пакуль гэты дакумент не з'явіцца, ніякіх мераў у гэтых адносінах прынята быць не можа.

Прадстаўнікі Мінінфармацыі звяртаюць увагу інтэрнэт-СМІ на магчымасць іх рэгістрацыі па добраахвотным прынцыпе. «Калі ў якога-небудзь інтэрнэт-рэсурсу ўзнікне жаданне зарэгістравацца і атрымаць правы СМІ, мы зарэгіструем яго адпаведным чынам, пасля чаго яго супрацоўнікі змогуць працаваць на ўзроўні любога іншага журналіста, – сказала «Е» кансультант упраўлення друкаваных СМІ Міністэрства інфармацыі Галіна Гусакова. – Яны змогуць атрымліваць акрэдытацыю на розныя мерапрыемствы, акрэдытоўвацца пры арганізацыях, удзельнічаць у семінарах пра СМІ, атрымліваць журналісцкія пасведчанні адзінага ўзору, якія дазваляюць атрымліваць інфармацыю нароўні з прадстаўнікамі звычайных СМІ. Калі жадання рэгістравацца няма – калі ласка, вы можаце працаваць гэтак жа, як і працавалі раней, не маючы пералічаных правоў».

У якія тэрміны і на якіх умовах можа быць распачатая добраахвотная рэгістрацыя, спецыялістам Мініінфармацыі адказаць цяжка, яны спасылаюцца на вялікую колькасць юрыдычных складанасцяў, якія могуць пры гэтым узнікнуць.

У сувязі з уступленнем 8 студзеня ў сілу новага закона "Аб СМІ" намеснік старшыні ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэй Бастунец заявіў:

– Паводле зьвестак, якія маюцца ў мяне, працоўная група, якая павінна была займацца распрацоўкай праекту пастановы Саўміна аб рэгістрацыі і рэгуляванні дзейнасці інтэрнэт-выданняў, была створаная і працавала даволі актыўна. Падаць праект гэтай пастановы яна павінна была да канца лістапада. Але якраз увосень сітуацыя змянілася. Сярод патрабаванняў, высунутых Еўразвязам Беларусі ў якасці ўмоваў для працягу дыялогу, значылася прывядзенне беларускага заканадаўства аб СМІ у адпаведнасць з дэмакратычнымі стандартамі. У тым ліку звярталася ўвага і на пытанне аб інтэрнэце-СМІ. Пасля «круглага стала», арганізаванага Міністэрствам інфармацыі і АБСЕ, было прынятае рашэнне замарозіць дзейнасць працоўнай групы, і зараз з упэўненасцю можна сказаць, што да лютага пастанова не з'явіцца. Безумоўна, я расцэньваю гэта са станоўчага пункту гледжання. Аднак гэта зусім не азначае, што дакумент не з'явіцца пазней – напрыклад, у траўні, калі скончыцца паўгадавы «выпрабавальны» тэрмін, прызначаны Еўропай Беларусі. Канкрэтна аб тым, што гэты акт павінен быць прыняты на працягу пяці месяцаў, у законе не кажацца, хаця з логікі заканадаўства гэта і выцякае. Пакуль у законе застаецца дэлегаванне ўраду абавязку прыняцця такога акту, пытанне застаецца падвешаным.

Што датычыць магчымасці добраахвотнай рэгістрацыі інтэрнэт-рэсурсаў у якасці СМІ, аб якім на згаданым «круглым стале» ішла гаворка як аб альтэрнатыўным, кампрамісным варыянце, дык гэта пытанне праваўжывальнай практыкі. З аднаго боку, гэтая магчымасць нідзе не прапісаная. З іншага – не існуе ніякай забароны на тое, каб інтэрнэт-рэсурс звярнуўся ў Міністэрства інфармацыі, каб зарэгістраваць сябе як СМІ. І няма ніякіх падставаў для таго, каб міністэрства магло яму ў гэтым адмовіць. Гэта яшчэ не пракладзены шлях, але тэарэтычныя перадумовы для таго, каб гэта зрабіць сёння, існуюць. Аднак калі пазней усёткі будзе прыняты нарматыўны акт, які будзе рэгламентаваць дзейнасць інтэрнэт-СМІ, неадкладна паўстане пытанне аб тым, наколькі рэгістрацыя, атрыманая інтэрнэт-СМІ раней, адпавядае гэтаму акту.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках