27 снежня 2024, Пятніца, 7:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка баіцца, што народ пойдзе на барыкады

151
Лукашэнка баіцца, што народ пойдзе на барыкады

Выступаючы сёння ў Нацыянальнай акадэміі навук, Аляксандр Лукашэнка зноў не прамінуў закрануць тэму сур'ёзнага эканамічнага крызісу ў краіне.

«Крызіс пройдзе хутка - за год-паўтара. У гэтай сітуацыі не на барыкады трэба ісці, а ператрываць, перажыць, працуючы», - заявіў Лукашэнка, сустракаючыся ў пятніцу ў Менску з прадстаўнікамі айчыннай і замежнай навуковай грамадскасці.

Лукашэнка папракнуў навукоўцаў у тым, што яны нібыта не змаглі спрагназаваць з'яўленне крызісных з'яў у беларускай эканоміцы.

«Што могуць сказаць навукоўцы крызісе, які распачаўся? Нічога не сказана, усе разводзяць рукамі. Ніхто не ведае глыбіні гэтага крызісу. Чаму ніхто з навукоўцаў гэтага не бачыў і не прадугледзеў?», - запытваў беларускі кіраўнік

Пры гэтым, па ягоных словах, навука падчас крызісу не павінная стаяць на месцы. «І падчас крызісу людзі жывуць, свету трэба прапаноўваць новы прадукт. А таму роля навукоўцаў тут яшчэ больш узрастае», - сказаў А.Лукашэнка.

Лукашэнка таксама лічыць, што ў развіцці дзяржавы асноўны ўпор трэба рабіць не на энергетычныя, матэрыяльныя рэсурсы, а на вытворчасць і інтэлект. «Калі кошты на нафту былі 150 даляраў за барэль - было добра, а калі ўпалі да 30-40 даляраў, то адразу жудасны стан у некаторых дзяржавах», - заявіў ён, намякаючы, мабыць, на Расею.

Лукашэнка таксама заявіў, што не ў поўнай меры здаволены вынікамі дзейнасці беларускай навукі. «Калі мяне пытаюць, ці цалкам я задаволены беларускай навукай, то скажу прама: не. Хацелася бы большай дынамікі, хуткіх адказаў на сучасныя выклікі», - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, ён дадаў: «Хацелася бы больш сучасных, новых ідэй, каб, напрыклад, навукоўцы ўважліва паглядзелі на нашую матухну-зямлю».

«Не можа быць, каб у Беларусі пад зямлёй не было тых рэсурсаў, якія нам патрэбныя», - сказаў ён.

Напісаць каментар 151

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках