26 снежня 2024, Чацвер, 11:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка не збіраецца вяртаць крэдыты Расеі і Венесуэле?

8

Некаторыя крэдыты кіраўніцтва Беларусі аддаваць нават не плануе, лічачы іх палітычнай «падтрымкай».

Міжнародная рэйтынгавая кампанія Standard&Poor's ацаніла сітуацыю з крэдытаваннем Беларусі як «Негатыўную». Чым пагражае нацыянальнай эканоміцы адкат у аўтсайдары крэдытнага рэйтынгу? Перажыць крызіс улады Беларусі спадзяюцца з дапамогай міжнародных крэдытаў. У канцы мінулага года згоду на крэдытаванне беларускай эканомікі далі Міжнародны валютны фонд і Расейская Федэрацыя – крэдыты ў памеры 2,5 і 2 мільярды даляраў адпаведна. Першыя траншы крэдытаў ужо атрыманыя, нагадвае «Радыё Свабода».

У апошнія дні 2008 года паўмільярды даляраў «адшкадавала» Беларусі Венесуэла - пад мінімальныя адсоткі і тэрмінам на 7 гадоў. Ва ўрадзе казалі, што на этапе дазволу – выдача чарговага расейскага крэдыту на суму 100 мільярдаў расейскіх рублёў. Аднак у Міністэрстве фінансаў Расеі магчымасць крэдытавання абверглі - у сувязі са складанай сітуацыяй у самой Расеі.

Падобна, што ў перспектыве атрымаць замежныя крэдыты будзе не так ужо проста. Міжнародная рэйтынгавая кампанія Standard&Poor's у сваёй справаздачы канстатавала: у Беларусі існуе мноства праблемаў, звязаных з пагаршэннем знешняй ліквіднасці краіны. Як кажа эканаміст Сяргей Чалы, у перспектыве такая выснова можа вельмі моцна паўплываць на рэйтынг крэдытнага даверу Беларусі.

«Негатыўны прагноз сведчыць пра тое, што рэйтынг яшчэ пакуль не пастаўлены на перагляд, але цалкам магчыма, што пры працягу несуцяшальных тэндэнцыяў рэйтынг можа быць зніжаны. Гэта значыць пакуль ён застаецца тым жа, якім і быў – «двайны Бі». Але негатыўны прагноз азначае, што пасля гэтага ідзе працэдура ўдакладнення. Ну, напрыклад, калі рэйтынг пастаўлены на перагляд, дык пасля гэтага, праз некалькі месяцаў, ён можа быць зніжаны на адзін-два ўзроўні», - кажа эксперт.

Ці апраўданае эканамічна жаданне беларускіх уладаў «перачакаць» крызіс, набраўшы як мага больш крэдытаў? І з якіх крыніцаў, нарэшце, плануецца вяртаць грошы крэдыторам? Як лічыць Сяргей Чалы, большасць крэдытаў кіраўніцтва Беларусі аддаваць якраз і не плануе, бо расейскія ці венесуэльскія грошы носяць выразнае палітычнае адценне.

«Па-сапраўднаму аддаваць прыйдзецца толькі адзін крэдыт - МВФ. Астатнія, у тым ліку расейскі, венесуэльскі - палітычныя. Асабліва Расея нават і не разлічвае, што калі-небудзь з нас нешта спагоніць. Што датычыць таго, каб «перачакаць», дык вы маеце рацыю. Яшчэ не так даўно былі чутныя ацэнкі: маўляў, крызіс можа скончыцца ледзь не ў першай палове года. І натуральнае імкненне - нічога не змяняць, не рабіць таго, ад чаго пацыенту будзе балюча; проста перачакаць. Але на самой справе крызіс дастаткова працяглы.

Тое, што ён будзе доўжыцца больш за год - дакладна, у гэтым і асаблівых сумневаў няма. Плюс да ўсяго, ён агульнасусветны. Калі, скажам, крызіс 1998 года быў «добры» тым, што працягвала расці астатняя сусветная эканоміка, і за кошт гэтага мы хутка выкараскаліся, дык зараз такой магчымасці няма. Таму чым хутчэй прыйдзе ўсведамленне таго, што проста «перачакаць» не атрымаецца, тым, вядома, лепш», - тлумачыць эканаміст.

У справаздачы Standard&Poor's адзначаецца, што ўрад Беларусі - прыхільнік дасягнення збалансаванага бюджэту на 2009 год. Гэта запатрабуе істотнага скарачэння выдаткаў. У выніку неабходных карэктовак у эканоміцы і пры слабым экспартным попыце эканамічны рост у краіне будзе блізкі да нуля. Для параўнання аналітыкі прыводзяць дынаміку папярэдніх гадоў: сярэдні рост на працягу 2004 - 2008 гг склаў 10%. У той жа час будзе істотна скарачацца і ўнутраны попыт. Такім чынам, прагноз «Негатыўны» паказвае праблемы, звязаныя з неабходнасцю зменаў у эканоміцы. Як пераканаліся і замежныя, і беларускія аналітыкі, беларуская мадэль шмат у чым засталася савецкай, што ніяк не спрыяе хуткай адаптацыі ў рынкавых умовах.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках