28 снежня 2024, Субота, 6:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Франак Вячорка: Чаму я не хацеў ісьці ў гэтае войска?

33

Лідэр «Моладзі БНФ» Франак Вячорка, якога гвалтоўна, у кайданках, даставілі ў войска, напісаў артыкул, які апублікваны на сайце «Беларускіх навінаў». Падаем тэкст цалкам:

Калі нешта не падабаецца — паспрабуй гэта зьмяніць. Многія зьехалі з краіны, калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка, і толькі адзінкі кінулі сыстэме выклік. Я не адмаўляю войска. Але мне не падабаецца, як яго выкарыстоўваюць ў якасьці палітычнай расправы, як забіраюць у маладых людзей найлепшыя гады жыцьця.

Я паспрабую тэзісна акрэсьліць, чаму я не хацеў ісьці ў гэтае войска.

Бо я хачу вучыцца. Адукацыя робіць чалавека — чалавекам, палітыка — палітыкам. Найперш — вучоба, пасьля войска і ўсё астатняе. Мяне пазбавілі права на адукацыю: пасьля чарговай адседкі на Акрэсьціна выключылі з журфака БДУ. Паступіў у ЭГУ (Эўрапейскі гуманітарны унівэрсытэт), але адтэрміноўкі па адукацыі мне больш не далі.

Закон – адзіны для ўсіх. Нягледзячы на гэта, квітнее карупцыя й хабарніцтва. Ад прызыўнікоў чуў, што “адкос” каштуе 1500-2000$. А для тых, хто пры “сувязях”, дастаткова аднаго званка. Паводле радыёкропкі, конкурс у армію — 8 чалавек на месца. Дык пры такім конкурсе можна сфармаваць моцнае прафэсійнае войска, а не займацца прафанацыяй. Хіба не?

Войска патрабуе моцнага здароўя. Дык вось ваенна-ўрачэбная камісія цэлы год ня можа вызначыць ступень маёй прыдатнасьці да службы ў войску. Мне тройчы давалі адтэрміноўкі па стане здароўя, і двойчы вышэйстаячая камісія іх скасоўвала. Гэтым разам мяне “абсьледуюць” у Рэспубліканскім ваенным шпіталі. Начальнік Кардыялягічнага аддзяленьня Водчыц Г.В. адмовіўся знаёміць мяне з вынікамі абсьледаваньняў майго стану здароўя, аргумэнтуючы проста: “Не ваше дело!” Гэты самы Водчыц Г.В. калісьці “вылечыў” прызыўнікоў Алеся Каліту і Зьмітра Жалезьнічэнку ад анэўрызмы сэрца і гіпэртаніі.

Правілы падчас гульні не мяняюцца. 21 ліпеня 2008 года міністр абароны Леанід Мальцаў падпісаў новы пералік мэдычных патрабаваньняў да прызыўнікоў. Паўгода назад мяне абсьледавалі па адным дакумэнце, прызналі не прыдатным, а сёньня – я ўжо ім падыходжу? Яны хочуць перагледзець справы дзясяткаў тысячаў людзей, якія ў свой час атрымалі “непрыдатнасьць” і згодна з гэтым заплянавалі сваё жыцьцё.

Многія скажуць, што войска — выдатны досьвед. Не запярэчу. Але, як кажа “дзед” Жалезьнічэнка, калі ёсьць магчымасьць, гэтага “досьведу” лепш пазьбегнуць. У войску мусяць вучыць бараніць Радзіму, а не складаць сьнег кубікамі. Зараз Моладзь БНФ праводзіць кампанію “За прафэсійнае войска”, так як у Польшчы ці Літве. Дзеля пачатку трэба падняць заробкі вайскоўцам па кантракту, скараціць колькасьць прызыўнікоў і задбаць пра сучасную вайсковую тэхніку, а не перапрадаваць яе краінам трэцяга сьвету.

Тое, што служыць – ганаровы абавязак, – ведаюць усе. А колькі людзей за гэтым “абавязкам” становяцца калекамі ці нават разьвітваюцца з жыцьцём? Я двойчы ляжаў у Рэспубліканскім вайсковым шпіталі, наслухаўся розных гісторыяў... Гэтага пабілі, у гэтага — сардэчны прыступ, у гэтага — траўма ад няспраўнасьці абсталяваньня і г.д. Здаецца, і вайны не вядзем, а койкі ўсе занятыя. Намесьнік начальніка шпіталя палкоўнік В. Жарын у інтэрв’ю БТ сказаў, што толькі 30% салдатаў — здаровыя. Як жа мы з такім войскам будзем бараніць Радзіму?

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках