28 снежня 2024, Субота, 15:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя акцыі пратэсту прадпрымальнікаў адбудуцца 12 студзеня ў Менску і рэгіёнах

13

Прадпрымальнікі, незадаволеныя новымі ўмовамі працы, рыхтуюць акцыі пратэсту 12 студзеня ў сталіцы і рэгіёнах.

Пра канкрэтныя намеры ў рэгіёнах даведваліся карэспандэнты «Радыё Свабода».

Учора ў Баранавічах актывісты прадпрымальніцкага руху і палітычных партыяў абмяркоўвалі тэрміны чарговай акцыі пратэсту.

«Страсянем мы іх 12-га студзеня. Паглядзім на рэакцыю. Выйдзем на плошчу. Няхай улада ведае, што прадпрымальнікі нязгодныя. А то нібыта атрымліваецца, што ўказ падпісаны і ўсё нармальна, нібыта ўсе пагадзіліся працаваць ва ўмовах, як загадана. Аднак не! Ня ўсе пагадзіліся», - кажа палітык і прадпрымальнік Мікалай Чарнавус.

Зь ягоных словаў, указ № 703, які Аляксандар Лукашэнка падпісаў 25 сьнежня, ня ўлічвае патрабаваньняў, якія гучалі на акцыях пратэсту 10 і 15 сьнежня.

Гарадзенскія прадпрымальнікі таксама не задаволеныя сытуацыяй.

«Плаціць давядзецца больш. Курс эўра падвышаны, і адпаведна вырастуць сумы і за месца, і НДС, і падатак павялічваецца. Я ня ведаю, ці варта плаціць. Буду бачыць, куды хіліцца сытуацыя…», - кажа гандляр Аляксандар.

Рэчавыя рынкі ў Гомелі сёньня — напаўпустыя. Прадпрымальнік Уладзімер Няпомняшчых сьцьвярждае, што людзі ў шоку ад павялічэньня падаткаў.

«Людзей на рынках стала мала. Калі што бяруць, дык гэта найперш да сьвятаў прадукты харчаваньня. Я гандлюю адзеньнем, дык немагчыма працаваць. Па-першае, дазволілі стаўкі адзінага падатку падняць з 25 да 110 эўра. Апрача таго, каэфіцыент на імпартныя тавары павялічыўся з паўтара да двух. Людзі ў шоку», - кажа Уладзімер Няпомняшчых.

У эканамічным заняпадзе ён вінаваціць Аляксандра Лукашэнку.

«Замест таго, каб будаваць сучасныя заводы й фабрыкі, пятнаццаць гадоў будавалі лядовыя палацы. Дакладней, ня мы — у нас ёсьць хакеіст, які ўсё будаваў лядовыя палацы», - скардзіцца прадпрымальнік.

Ягоны паплечнік таксама незадаволены.

«Я першы дзень сёньня выйшаў — і нічога не прадаў. Прапалі грошы, што аддаў за гэтыя дзесяць дзён на падаткі, за месца. Лепей бы я дома сядзеў і ня рыпаўся», - лічыць прадпрымальнік.

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў мяркуе, што гандляры будуць ладзіць акцыі пратэсту з прычыны падвышэньня адзінага падатку.

«Па нашых падліках, у рэгіёнах не працуюць ад 30 да 40 і больш працэнтаў прыватных прадпрымальнікаў. Яшчэ зараз будзе падвышэньне адзінага падатку. Давядзецца плаціць дадаткова за студзень. Людзі, як гаворыцца, пачнуць локці кусаць. Гэта змусіць пратэставаць і кансалідавацца», - сказаў Віктар Гарбачоў.

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў заявіў, што дробныя гандляры незадаволеныя указам №703. Ён не выключае, што ўжо 12 студзеня яны выйдуць на Кастрычніцкую плошчу ў Менску.

«Указ №703 стварае глебу для пратэстаў. Указ №703 працягнуў нам дзейнасьць пасьля Новага году – гэта вельмі добра, гэта самае галоўнае, чаго мы дамагаліся. Але тут жа падводныя камяні зьнішчаюць зусім дзейнасьць прадпрымальнікаў. Дзяржава заганяе прадпрымальнікаў у шэрыя схемы. І таму будуць акцыі супраціву», - упэўнены Алесь Макаеў.

Улады працягнулі на няпэўны час льготныя ўмовы ўвозу тавараў з Расеі. Аднак істотна павялічылі стаўкі адзінага падатку. Чакаецца, што ўжо ў студзені дэпутаты мясцовых саветаў зацьвердзяць новыя стаўкі падаткаў для дробных бізнэсоўцаў.

Паводле Алеся Макаева, цяпер на рынках у Беларусі працуе каля 60% прадпрымальнікаў. Нехта пайшоў у адпачынак ці часова прыпыніў дзейнасьць, нехта скарачае колькасьць сваіх гандлёвых кропак.

Нагадаем, індывідуальныя прадпрымальнікі таксама зьбіраюць подпісы супраць прывязкі ставак арэнднай платы і падаткаў да эўра. Яны занепакоеныя занадта высокімі падаткамі, якія іх чакаюць сёлета.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках