27 лiстапада 2024, Серада, 5:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: «Мілінкевіч паводзіць сябе як дробны жулік»

34
Зміцер Бандарэнка: «Мілінкевіч паводзіць сябе як дробны жулік»

Каардынатар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка пракаментаваў хаду падрыхтоўкі да так званага Беларускага Еўрапейскага форуму:

«Выпадкова даведаўся пра правядзенне аргкамітэтам так званага «Беларускага Еўрапейскага форуму» фотаконкурса пад назвай «Еўрапейская Беларусь». Як высветлілася, старшынём аргкамітэта форуму з’яўляецца кіраўнік зарэгістраванага ўладамі праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Рух «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. У свой час я выдаткаваў нямала высілкаў, каб пераканаць Аляксандра Уладзіміравіча стаць адным з арганізатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», але Мілінкевіч адмовіўся, матывуючы гэта тым, што ў яго ёсць свой рух «За свабоду», які ён хоча зарэгістраваць, а толькі легальная дзейнасць дазволіць прыцягнуць тысячы і тысячы новых прыхільнікаў. Апроч гэтага, ён заняты стварэннем нацыянальнага блока, і далёка не ўсё патрыятычныя структуры падтрымліваюць ідэю інтэграцыі Беларусі ў ЕЗ. І сапраўды, улады зарэгістравалі арганізацыю Мілінкевіча.

Такім чынам, грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» стартавала без экс-кандыдата ў прэзідэнты. Яе ініцыятарамі выступілі Андрэй Саннікаў, Міхаіл Марыніч, Мікола Статкевіч, Віктар Івашкевіч. Іх ініцыятыву падтрымалі многія моладзевыя лідэры. Ад пачатку 2008 года актывісты «Еўрапейскай Беларусі» зладзілі сотні вулічных акцый, пікетаў, перфомансаў, флэш-мобаў у дзесятках гарадах краіны, распаўсюдзілі каля мільёна экзэмпляраў улётак, плакатаў, сцікераў, буклетаў з сімволікай «Еўрапейскай Беларусі», з тлумачэннямі неабходнасці ўступлення Беларусі ў Еўрапейскі звяз і правядзення рашучых дэмакратычных рэформаў у краіне. За гэты час сотні актывістаў грамадзянскай кампаніі, прычым, многія неаднаразова, збіваліся, арыштоўваліся, караліся штрафамі з боку дыктараскай улады. Некалькі чалавек трапілі пад крымінальны пераслед і сталі вязнямі сумлення ў рамках «справы 14-ці». Многія страцілі працу ці былі выключаныя з навучальных устаноў.

Лідэры «Еўрапейскай Беларусі» разгарнулі шырокую міжнародную кампанію салідарнасці з Беларуссю, заяўляючы свету пра неабходнасць вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў, правядзення свабодных выбараў і жаданні грамадзянаў краіны стаць часткаю еўрапейскай сям’і народаў.

У гэты ж час экс-кандыдат у прэзідэнты Мілінкевіч, які на сваім сайце «сціпла» называе сябе «лідэрам дэмакратычных сіл Беларусі», выступаў з заявай пра тое, што толькі Лукашэнка з’яўляецца гарантам незалежнасці Беларусі, пра неабходнасць эканамічнай дапамогі і новых крэдытных ліній для дыктатуры, пра «маргінальнасць» апазіцыі, і пра тое, што не ўсіх палітвязняў можна лічыць палітвязнямі. І вось сёння Мілінкевіч ужо забыў пра стварэнне «нацыянальна-патрыятычнага блока» і разам з Лукашэнкам спрабуе стаць галоўным «еўрапейцам» Беларусі.

Безумоўна, мы актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» не можам, да і не жадаем прэтэндаваць на манаполію ў галіне інтэграцыі Беларусі ў Еўропу. Але ў дадзеным выпдаку, на мой погляд, Мілінкевіч паводзіць сябе як дробны жулік. Ён і яго атачэнне попрасту спрабуюць прымазацца да чужых дасягненняў і чужой працы», - заявіў Зміцер Бандарэнка на сайце «Еўрапейская Беларусь».

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках