22 снежня 2024, Нядзеля, 22:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жана Літвіна: У Беларусі ўведзена прамая забарона на прафесію журналіста

11
Жана Літвіна: У Беларусі ўведзена прамая забарона на прафесію журналіста

«16 кастрычніка сілавыя структуры ажыццявілі беспрэцэдэнтнае ўмяшанне ў дзейнасць журналістаў», - пракаментавала старшыня БАЖ блакаванне амапаўцамі працы СМІ падчас разгону акцыі ў Менску.

«Гэта прамое парушэнне артыкула 34 закона аб СМІ, які дае права журналістам прысутнічаць у месцах акцыяў і дэманстрацыяў, у месцах, дзе адбываюцца сацыяльна значныя мерапрыемствы. Гэта прамая забарона на прафесію. Я узгадваю словы міністр унутраных справаў Беларусі Анатоля Куляшова, які зусім нядаўна, напярэдадні 25-годдзя стварэння Упраўлення інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю, заявіў, што для журналістаў у МУС няма закрытых тэмаў і зачыненых дзвярэй. Цяпер трэба ад яго запатрабаваць адказу, хто даў загад не даваць журналістам працаваць 16 кастрычніка, і хто ажыццяўляў гэты загад», -- заявіла кіраўнічка Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна ў інтэрв'ю www.charter97.org.

Старшыня БАЖ нагадала, што ў выніковым дакладзе місіі міжнародных журналісцкіх арганізацыяў, якая нядаўна наведала Менск, казалася пра тое, што журналісты маюць права быць у месцах дэманстрацыяў і масавых акцыяў, і сілавыя структуры не павінны перашкаджаць іх прафесійнай дзейнасці. Даклад быў падрыхтаваны ўжо пасля акцыяў 9 і 16 верасня, калі супрацоўнікі АМАПа ўпершыню распачалі спробы перашкодзіць журналістам асвятляць жорсткі разгон дэманстрацыяў.

Блакаванне працы журналістаў Жана Літвіна назвала «ноў-хаў» сённяшніх беларускіх сілавых структураў. «Усё гэта робіцца для таго, каб усё беззаконне, якое адбываецца, не атрымала агалоскі. У чарговы раз адбываецца ўтойванне факту пратэстных акцыяў і іх задушэння», -- адзначыла журналістка.

«Калі раней мы звярталіся індывідуальна да генпракурора і міністра ўнутраных справаў, дык зараз, думаю, будзе адкрыты зварот з патрабаваннем адказу, хто даў супрацьзаконны загад і хто яго выконваў. Гэтыя факты атрымаюць міжнародную ацэнку нашых партнёрскіх арганізацыяў. Упэўненая, што пратэсты супраць умяшання ў дзейнасць беларускіх журналістаў будуць», -- заявіла старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Падчас разгону мірнай акцыі салідарнасці ў Менску 16 кастрычніка амапаўцы ўжо ў трэці раз за мінулы месяц перашкаджалі працы журналістаў.

Калі падчас разгону акцыяў 9 і 16 верасня да кожнага журналіста прыстаўлялі па 2-3 чалавекі, дык ў гэты раз прадстаўнікоў СМІ атачалі па 5 амапаўцаў, якія хапалі аб'ектывы і пашкоджвалі апаратуру.

Калі пры разгоне ранейшых акцыяў у нас атрымалася шляхам неверагодных высілкаў зрабіць хоць нейкія фота і відэасведчанні беззаконня, якое абывалася, дык ў гэты раз у журналістаў не атрымалася зняць практычна нічога.

Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша Ніва»

Фота bymedia.net

Фота bymedia.net

Фота bymedia.net

Фота Белапан

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках