23 лiстапада 2024, Субота, 18:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Збігнеў Бжэзінскі: Калі Украіна не выстаіць, Расея стане імперыяй

23

Вядомы палітолаг, былы дарадца прэзідэнта ЗША упэўнены, што моцная Украіна дапаможа дэмакратызаваць Расею.

Пра гэта Збігнеў Бжэзінскі сказаў у інтэрв'ю «Голасу Амерыкі».

«У нас ёсць іншыя задачы, - а менавіта кансалідацыя палітычнага плюралізму на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Канкрэтна, - гэта падтрымка Грузіі і забеспячэнне таго, каб Украіна не ператварылася ў сатэліт (Расеі)», - сказаў ён.

Па словах Бжэзінскага, з іншага боку для ЗША важнае супрацоўніцтва з Расеяй. «Выглядае з першага погляду, што гэтыя задачы канфліктуюць адна з адной, але фактычна гэта не так. Паколькі, калі Грузія выстаіць, калі Украіна будзе квітнець, тады павялічыцца верагоднасць таго, што Расея ў перспектыве стане постімперыялістычнай дэмакратычнай дзяржавай», - сказаў ён.

«Калі ж Грузія ці Украіна не выстаяць, Расея зноў ператворыцца ў імперыю, з амбіцыямі, якія растуць, што зробіць доўгатэрміновыя ўзаемавыгадныя ўзаемадачыненні нашмат больш складанымі», - патлумачыў Бжэзінскі.

Разам з тым ён падкрэсліў, што падчас прэзідэнцкіх выбараў, на Украіну будуць спрабаваць уплываць звонку. «Украіна зараз набліжаецца да прэзідэнцкіх выбараў, і гэтыя выбары будуць маніпулявацца звонку з мэтай паслаблення ўкраінскай незалежнасці, магчыма нават з мэтай пераўтварэння Украіны ў сатэліт ці нават у частку большай імперыялістычнай сістэмы, нават магчыма да страты часткі тэрыторыі», - падкрэсліў ён.

«Мне трэба сумленна сказаць, што адказнасць за абарону ўкраінскай незалежнасці, у канчатковым выніку, ляжыць на плечах украінцаў і ўкраінскай эліты», - падкрэсліў ён.

«Мяне ахоплівае дэпрэсія, калі я назіраю за сваркамі ў дэмакратычным, пранезалежніцкім лагеры кіраўніцтва Украіны, за ўнутранымі міжусобіцамі і інтрыгамі, якія адчыняюць дзверы пабочнаму гульцу маніпуляваць унутранай палітыкай ва Украіне», - сказаў палітолаг.

Палітолаг таксама параўнаў сітуацыю ва Украіне з той, якая была ў Польшчы ў XVIII стагоддзі. Тады, паводле яго словаў, у Польшчы «фактычна дамінавала арыстакратычная, заможная эліта з рознымі асабістымі інтэрасамі, і краінай маніпулявалі знешнія сілы - Прусія, Аўстрыя і Расея». «У выніку Польшча страціла незалежнасць», - нагадаў ён.

Нагадаем, што ў панядзелак, 19 кастрычніка, ва Украіне стартуе выбарчая кампанія па выбарах прэзідэнта, якія павінны адбыцца 17 студзеня 2010 года.

Цяперашнія прэзідэнцкія выбары з'яўляюцца чарговымі, і праводзяцца ва Украіне ў пяты раз за гады незалежнасці. На выбарах у 1991 года першым прэзідэнтам незалежнай Украіны быў абраны Леанід Краўчук, у 1994 і 1999 гадах перамог Леанід Кучма, і ў 2004 годзе ў выніку «памаранчавай» рэвалюцыі на гэты пост быў абраны цяперашні прэзідэнт Віктар Юшчанка.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках