23 лiстапада 2024, Субота, 1:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Халіп: «Будучы аднойчы збітым, ты ператвараешся ў змагара»

35
Ірына Халіп: «Будучы аднойчы збітым, ты ператвараешся ў змагара»

Прэстыжная ўзнагарода Міжнароднага фонда жанчын у СМІ ў намінацыі «За мужнасць у журналістыцы» будзе ўручана 20 кастрычніка ў Нью-Ёрку вядомай беларускай журналістцы Ірыне Халіп.

Ірына Халіп уганаравана гэтай узнагародай разам з радыёрэпарцёрам з Камеруна Агнес Тайе і журналісткай з Ірана Джыле Бан’ягуб.

«Гэтыя цудоўныя журналісткі зрабілі выбар на карысць асвятлення навінаў у тых краінах, дзе пошук праўды ставіць іх пад пагрозу арышту, фізічнай расправы і нават смерці, - заявіла Джудзі Вудраф, старшыня камітэта Фонда па прысуджэнні ўзнагарод «За мужнасць у журналістыцы». – Нягледзячы на гэта яны нястомна, цягам многіх гадоў рызыкуюць сваім жыццём і сродкамі да існавання, раскрываючы гісторыі, што праліваюць святло на жыццё сваіх суайчыннікаў і даюць асвету ўсім нам».

У распаўсюджаным прэс-рэлізе Міжнародны фонд жанчын у СМІ паведамляе пра Ірыну Халіп наступнае:

«Ірына Халіп, карэспандэнт і рэдактар Менскага офіса «Новай газеты», больш за 15 гадоў займаецца журналістыкай у Беларусі, адной з самых неспрыяльных для журналістаў краіне. Пасля супрацоўніцтва з шэрагам газет, кожная з якіх была ў наступным зачынена беларускімі ўладамі, яна працуе зараз у адной з незалежных газет Расеі.

Ганна Паліткоўская, расейская журналістка, узнагароджаная прэміяй «За мужнасць у журналістыцы» Міжнароднага фонда жанчын у СМІ, працавала ў гэтай жа газеце. Паліткоўская была забіта ў 2006 годзе за сваю прафесійную дзейнасць.

41-гадовая Халіп займаецца журналісцкай дзейнасцю ў Беларусі больш за 15 гадоў. Яе, якая знаходзіцца пад сталым наглядам міліцыі, часта затрымліваюць і дапытваюць, арыштоўваюць і збіваюць.

У 2003 годзе дзейнасць «Беларускай дзелавой газеты», з якой Халіп супрацоўнічала, была прыпынена за «абразу гонара і годнасці прэзідэнта» пасля публікацыі яе артыкулаў пра карупцыю ў органах пракуратуры. Выданне вымушана было зачыніцца ў 2006 годзе.

Халіп была ў ліку 35 журналістаў, затрыманых у сувязі з дэманстрацыяй у Менску ў сакавіку 2000 года. Мерапрыемства было арганізавана супраць забароны апазіцыйнага мітынга, прысвечанага гадавіне заснавання Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. У міліцэйскай машыне Халіп даставілі ў аддзяленне ўнутраных спраў у Менску. Праз суткі яна была вызвалена.

У 1999 годзе беларускія ўлады вынеслі папярэджанне газеце «Имя» за артыкул Халіп пра дзейнасць Цэнтральнай выбарчай камісіі. Асвятленне газетай будучых прэзідэнцкіх выбараў дайшло да заклікаў звяржэння ўлады, заявіў тады кіраўнік беларускага Камітэта па друку. У адпаведнасці з беларускім Законам аб СМІ, другое папярэджанне магло б прывесці да закрыцця газеты.

У 1999 годзе міліцыя прыйшла да Халіп дадому і затрымала яе на цэлы дзень, дапытвала і пагражала ёй. Яе працоўны камп'ютэр быў канфіскаваны. Падчас затрымання міліцыя абшукала яе кватэру і канфіскавала дакументы.

Падчас асвятлення падзей з мітынгу супраць аб’яднання з Расеяй у 1997 годзе, амапаўцы збівалі Халіп дручкамі і цягнулі яе за валасы. Яе бацька, які таксама прысутнічаў на мітынгу, быў збіты да страты прытомнасці.

Ірына Халіп вызначае мужнасць наступным чынам: «Я ўпэўнена, што мужнасць гэта стан душы, калі чалавек баіцца, але працягвае сваю дзейнасць, бо яго матывацыі мацнейшыя».

«Я думаю, што рабіла мужныя ўчынкі гадоў дзесяць таму. Але я баялася, - распавядае Ірына. – Сёння гэта справа звычкі – жыць ва ўмовах падпольнай барацьбы, асабліва ўлічваючы, што мой муж Андрэй Саннікаў – апазіцыйны лідэр». Гэта значыць, што гэтыя людзі знаходзяцца пад падвоеным наглядам уладаў.

Ірына Халіп хоча, каб журналісты ў дэмакратычных краінах ведалі, што «журналіст, які жыве пры таталітарным рэжыме, не можа быць аб’ектыўным. Аб’ектыўнасць – гэта прывелей дэмакратычнага грамадства. Будучы аднойчы збітым, ты ператвараешся ў актывіста, у змагара».

Зараз журналістка распачынае меры, каб абараніць сябе. «Я прытрымліваюся прынцыпу галоснасці дзеля бяспекі. Пасля вобшуку ў кватэры і канфіскацыі камп’ютэра і нататак, Халіп адчувала сябе «зусім бездапаможнай». «Я стараюся не захоўваць дома ніякіх запісаў на дыктафоне… А ячшэ я вельмі хутка працую: я знаходжу інфармацыю і адразу яе публікую», – сказала яна.

Забойства Ганны Паліткоўскай прымусіла яе пераглядзець свае погляды на пагрозы фізічнага знішчэння.

«Я думала, што калі яны пагражаюць, то ніколі не заб’юць чалавека. Звычайна яны забіваюць без папярэджання. Але Ганне пагражалі, і яна была забіта. Зразумела, што мая логіка была няправільнай», -- гаворыць Халіп.

«Калі твайму жыццю пагражаюць, то ў першую чаргу трэба патэлефанаваць усім сваім сябрам і распавесці ім… Я не ставілася да гэтага вельмі сур’ёзна да смерці Ганны. Пасля таго, што здарылася, я разумею, што яны насамрэч могуць забіць», – упэўнена журналістка.

Заснаваныя ў 1990 годзе ўзнагароды Фонда IWMF аддаюць належнае жанчынам-журналісткам, якія праявілі выключную моц характара і сумленнасць, паведамляючы навіны ў небяспечных ці складаных умовах. Уключна з пераможцамі гэтага года, 66 журналістак атрымалі ўзнагароды «За мужнасць у журналістыцы» і 18 журналістак былі адзначаныя ўзнагародамі «За дасягненні цягам усёй кар’еры».

Цырымоніі ўручэння ўзнагарод адбудуцца 20 кастрычніка ў Нью-Ёрку і 28 кастрычніка ў Лос-Анджэлесе.

Фонд IWMF быў заснаваны ў 1990 годзе і ўяўляе сабой разгалінаваную глабальную сетку, прысвечаную ўмацаванню ролі жанчын у СМІ ва ўсіх краінах света як спосабу прасоўвання свабоды прэсы. Сетка IWMF аб’ядноўвае журналістаў больш са 130 краін свету.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках