25 снежня 2024, Серада, 21:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

60 галодных кітайцаў пайшлі пешкі з беларускай вёскі ў Менск

23

Працоўныя замежнага аграпрадпрыемства «Шэнян», якое знаходзіцца недалёка ад Пружан, засталіся без зарплаты.

Як паведамляе «Еўрарадыё», летам беларусы даведаліся пра кітайскае прадпрыемства «Шэнян», якое пачало вырошчваць гародніну недалёка ад Пружан – у вёсцы Шчарчова. Пра кампанію хадзілі легенды, нібы 100 працуючых там кітайцаў карыстаюцца толькі рыдлёўкамі і матыгамі, здымаюць вялікія ўраджаі і зарабляюць на гэтым па 800 даляраў у месяц.

А днямі міліцыя затрымала 60 кітайцаў каля Пружан. Яны выправіліся ў паход на беларускую сталіцу. Ішлі пешкам каля 30 кіламетраў, бо сродкаў на аўтобус у іх не было. Грошай у іх увогуле не было, пра што яны і хацелі распавесці амбасадару Кітая, каб той неяк паўплываў на кіраўнітцва «Шэняна», якое ўжо які месяц не выплочвае зарплату.

Мясцовыя ўлады пераканалі кітайцаў вярнуцца ў Шчарчова, куды да іх прыехаў прадстаўнік кітайскай амбасады і беларускае кіраўніцтва прадпрыемства. І зараз канфлікт вырашаны, гаворыць камерцыйны дырэктар «Шэняна» Уладзімір Ерамееў. Заснавальнік Сунь Лі Ю мусіць прывезці грошы, а каб кітайцы не памерлі з голаду, іх бясплатна кормяць.

Прадпрыемства цэлае лета гандлявала на рынках Берасця, Кобрына і Пружан, але, паводле словаў Уладзіміра Ерамеева, «Шэнян» сябе не акупляе.

«Пакуль ганарыцца няма чым. Пакуль прадпрыемства сябе не акупляе. Не ведаю, ці хочуць яны з’ехаць. Калі людзі хочаць, то заўжды могуць з’ехаць. А я ў іх кішэню не гляджу, і ўмоваў аплаты не ведаю», --сказаў Ерамееў.

Вельмі дзіўна, што камерцыйны дырэктар не ведае, колькі зарабляюць на яго прадпрыемстве. Сакратар «Шэняна» гаворыць, што зарплата для кітайцаў ідзе не праз бухгалтэрыю, а наўпрост з Кітая, а пра сітуацыю з паходам ніхто праўду не гаворыць.

Карэнная жыхарка Шчарчова Алена распавяла, што аднавяскоўцы часта бачаць галодных кітайцаў.

«Яны жывуць, як мы гаворым, у «доміках», дзе вайсковая частка была. Калі яны ідуць па вёсцы, штосьці паміж сабой кажуць, але мы іх мову не разумеем. А яны нас не чапаюць, тут усе старыя. Да мяне не прыходзілі. Людзі гавораць, што галодныя ходзяць. А чаго галодныя – ці то грошай няма, ці то што – не ведаю. Гавораць, што яны зараз не працуюць», -- распавяла жанчына.

Мясцовыя ўлады на гэтую тэму размаўляць адмаўляюцца, а тэлефон адзінага перакладчыка Інь Тао не адказвае.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках