23 снежня 2024, панядзелак, 22:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Кобец: «Гандлюючы з Беларуссю, Еўропа павінна памятаць пра парушэнне тут правоў чалавека»

3

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» у складзе дэлегацыі беларускіх дэмакратаў сустрэўся 20 кастрычніка з міністрам замежных спраў Эстоніі.

На сустрэчы таксама прысутнічалі былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, намеснік старшыні руху «За Свабоду» Віктар Карняенка, лідэр партыі БХД Павал Севярынец і іншыя.

«Важна, што падчас сустрэчы мы пачулі ад спадара міністра цвёрдую пазіцыю Эстоніі адносна выканання правоў чалавека ў Беларусі. Урмас Паэт праінфармаваў нас пра сустрэчу ў Вільні прадстаўнікоў краін Балтыі і краін Бенілюкса, на якой былі зроблены высновы пра тое, што ўладамі Беларусі не зроблена відавочных крокаў у галіне правоў чалавека», -- паведаміў сайту www.charter97.org Уладзімір Кобец

«У прынцыпе гэта пазіцыя супала з той кропкай гледжання і высновамі, якія былі зроблены намі на сустрэчы з кіраўніком МЗС Эстоніі. У прыватнасці, намі была даведзена інфармацыя пра жорсткія разгоны акцый пратэсту 9, 16 верасня і 16 кастрычніка, пра нематываваную жорсткасць ў дачыненні да мірных дэманстрантаў. Таксама была абмеркавана сітуацыя па сродках масавай інфармацыі і пра тое, што недастаткова вярнуць тры газеты ў сетку распаўсюду дзеля таго, каб рабіць нейкія далёка ідучыя высновы пра прагрэс у гэтай сферы», -- адзначыў палітык.

Паводле каардынатара «Еўрапейскай Беларусі», міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Паэт адзначыў, што пазіцыя яго краіны складаецца ў тым, што «усё, што можа дапамагчы развіццю грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, павінна рабіцца».

«І, відавочна, што напярэдадні сустрэчы міністраў замежных спраў Еўразвяза, якая адбудзецца ў лістападзе, пазіцыя Эстоніі ў тым, каб працягнуць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў, паколькі прагрэсу ў галіне правоў чалавека няма», -- заявіў Кобец.

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» адзначыў, што для беларускіх дэмакратаў было важна пачуць, што Эстонія шчыльна займаецца пытаннем спрашчэння візавага рэжыма для грамадзян Беларусі з краінамі Шэнгенскай зоны.

«Мы адзначылі, што сітуацыя, калі грамадзяне Беларусі плацяць такія вялікія грошы і сутыкаюцца з такім перашкодамі дзеля таго, каб атрымаць візу ў краіны Еўрапейскага звяза, ненармалёвая. Мы выказалі сваю пазіцыю адносна таго, што гэтыя візы павінны быць максімальна таннымі ці ўвогуле бясплатнымі, і гэта пытанне мусіць быць вырашана як мага хутчэй», -- сказаў Кобец.

«Развіццё адносінаў Еўразвяза з беларускім рэжымам сёння нашмат апярэджвае рух беларускіх уладаў насустрач Еўразвязу, асабліва ў пытаннях дэмакратыі. Мы не бачым відавочнага прагрэсу, у прыватнасці, у тым, што тычыцца вызвалення палітвязняў, спынення рэпрэсій супраць апазіцыі, адмены крымінальнага артыкула за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі – гэты артыкул працягвае дзейнічаць. Тое ж тычыцца заканадаўства аб СМІ, выбарчага заканадаўства, адмены смяротнага пакарання. Усе гэтыя пытанні на сённяшні момант не вырашаныя. Эканамічныя выгоды ад супрацоўніцтва з Беларуссю павінны ўвязвацца з пытаннямі правоў чалавека, бо Еўрапейскі звяз пабудаваны на грунце дэмакратычных каштоўнасцяў, а не толькі на эканамічнай узаемавыгодзе. І гэта тое, што адпавядае інтарэсам Рэспублікі Беларусь і беларускага народа. Мы пачулі ў адказ, што эстонская пазіцыя ў гэтым пытанні супадае з пазіцыяй дэмакратычных сіл нашай краіны», – заявіў каардынатар «Еўрапейскай Беларусі».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках