26 снежня 2024, Чацвер, 7:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсіі падвышаюцца толькі на паперы

12

Улады заяўляюць, што ў Беларусі магчымае падвышэнне памераў працоўных пенсіяў да канца бягучага года.

Пра гэта нядаўна паведаміла намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны Валянціна Каралёва. «У цяперашні час пытанне аб падвышэнні працоўных пенсіяў прапрацоўваецца, зыходзячы з фінансавых магчымасцяў дзяржавы. Спадзяюся, што такое падвышэнне да канца года будзе», -- сказала намесніца міністра.

Паводле інфармацыі «Заўтра тваёй краіны», у праекце ўказу Аляксандра Лукашэнкі прадугледжваецца падвышэнне пенсіяў з 1 лістапада

Падвышэнне пенсіяў на 10% не зробіць беларускіх пенсіянераў больш багатымі ў параўнанні з мінулым годам, бо паводзе звестак статыстыкі, рэальны памер пенсіі ў Беларусі знізіўся за год (верасень 2009 года у параўнанні з вераснем 2008 года) на 9,7%. Пры гэтым рэальны памер пенсіі планамерна зніжаецца ў адносінах да папярэдняга месяца пачынаючы з верасня мінулага года, а пачынаючы з лютага бягучага – зніжаецца і ў гадавым вылічэнні. Прычына – замарожванне ў сувязі з крызісам узроўня пенсіяў пры дадатных тэмпах інфляцыі. Такім чынам, планаванае падвышэнне пенсіяў – гэта ўсяго толькі індэксацыя на ўзровень інфляцыі.

Прычым нават калі пенсіі будуць падвышаныя, як плануецца, з 1 лістапада, указ аб падвышэнні можа выйсці значна пазней, не выключана нават, што ў пачатку наступнага года з пералікам у студзені пенсіяў за лістапад па новых стаўках.

Справа ў тым, што пералік пенсіяў запатрабуе ад бюджэту дадаткова 92 млрд. рублёў у месяц (гэта значыць каля 33 млн. даляраў). З улікам жа таго, што сёлета Мінфін праводзіць вельмі жорсткую бюджэтную палітыку ў межах дамоўленасцяў з МВФ аб даванні крэдыту, а чарговая місія МВФ прыедзе для падрыхтоўкі справаздачы ўжо ў пачатку лістапада, з вылучэннем гэтых сродкаў, магчыма, вырашаць пачакаць. Тым больш, што тая ж місія будзе абмяркоўваць з урадам і перспектывы выдачы новага крэдыту, які можа быць дадзены пасля заканчэння бягучай праграмы фонду. Бо для вылучэння новых грошай будуць важныя паказчыкі выканання па першай праграме, верагодна, Мінфін з місіяй і паглядзяць, якім месяцам і якога года лепш правесці падвышэнне пенсіяў, каб закрыць бюджэт бягучага года ў найлепшым выглядзе.

Зрэшты, і без усялякіх місіяў МВФ у Беларусі пенсіі і раней падвышаліся «заднім» днём. Праўда, у гэтым выпадку хтосьці мог да падвышэння і не дажыць, але паказчыкі вядома важней.

Памер сярэдняй працоўнай пенсіі ў кастрычніку цяперашняга года складае ў Беларусі 397 тыс. рублёў. Сярэдняя пенсія па ўзросце раўняецца 409.700 руб., сярэдні памер сацыяльнай пенсіі складае -- 185,7 тыс. рублёў.

Максімальная пенсія па ўзросце (пры стажы 40 гадоў у жанчынаў і 45 гадоў у мужчынаў і індывідуальным каэфіцыенце заробку 1,3 і вышэй) для пенсіянераў, якія працуюць, складае 460,390 тыс. рублёў, для пенсіянераў, якія не працуюць (пры стажы 40 гадоў у жанчынаў і 45 гадоў у мужчынаў і індывідуальным каэфіцыенце заробку 4,0 і вышэй) – 634,240 тыс. рублёў.

Мінімальная пенсія па ўзросце раўняецца 62,353 тыс. рублёў (гэты нарматыў ужываецца пры вылічэнні сацыяльных пенсіяў, надбавак і падвышэнняў да пенсіяў, ён раўняецца 25% бюджэту пражтачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва).

Агульная колькасць атрымальнікаў пенсіяў у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне складае ў Беларусі каля 2 млн. 454 тыс. чалавек.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках