Жудасная аварыя на вуліцы Пляханава ў Менску. Ёсць ахвяры (Фота, відэа)
25- 28.10.2009, 14:05
У выніку лабавога сутыкнення кіроўца аўтамабіля Volkswagen Golf загінуў на месцы. Кіроўца і пасажыр «Audi» з пераломамі дастаўлены ў бальніцу.
Дзве праезжыя часткі дарогі на вуліцы Пляханава адмежаваныя адна ад адной раздзяляльнай паласой. З кожнага боку магчымы праезд толькі ў адным накірунку. Тым больш дзіўным здаецца лабавое сутыкненне двух аўтамабіляў, піша «Салідарнасць».
Паводле словаў супрацоўнікаў ДАІ, якія працавалі на месцы здарэння, кіроўца аўтамабіля Volkswagen Golf – мужчына 1939 года нараджэння – ехаў па другой паласе, збіраўся выехаць на трэцюю (крайнюю левую, найбліжэйшую да сумежнай праезжай часткі), падрэзаў і зачапіў Ford, які ехаў па гэтай паласе. Пасля гэтага Volkswagen развярнула і перакінула праз раздзяляльную паласу сустрэчнага руху, па якой ехаў аўтамабіль Audi.
У выніку лабавога сутыкнення кіроўца машыны Volkswagen загінуў на месцы, а кіроўца і пасажыр Audi з пераломамі дастаўлены ў бальніцу.
Ці стала прычынай аварыі перавышэнне хуткасці – пакуль невядома. Папярэдне, кіроўца Volkswagen не справіўся з кіраваннем альбо яму стала дрэнна. Па факце ДТЗ вядзецца следства.