25 снежня 2024, Серада, 8:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

100 нацыянальных сцягоў у Менску: міліцыя ў шоку (Фота, відэа, абноўлена)

220
100 нацыянальных сцягоў у Менску: міліцыя ў шоку (Фота, відэа, абноўлена)

Актывісты «Еўрапейская Беларусь» вывесілі 100 бел-чырвона-белых сцягоў на праспекце Незалежнасці.

Нацыянальныя сцягі з'явіліся на праспекце ў раёне парка Чалюскінцаў увечары 29 кастрычніка. З'яўленне сцягоў выклікала сапраўдны ажыятаж – менчукі сталі здымаць іх фотаапаратамі і мабільнымі тэлефонамі. На праспект прыбылі супрацоўнікі міліцыі і АМАПа, якім быў дадзены загад неадкладна знайсці тых, хто вывесіў сцягі ў цэнтры горада пры міліцыянтах, якія ўвесь час патрулююць па вуліцах. У выніку былі арыштаваныя некалькі актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Паступілі звесткі, што амапаўцы хапалі таксама выпадковых мінакоў.

За фатаграфаванне сцягоў супрацоўнікамі АМАПа былі затрыманыя фатограф газеты «Наша Ніва» Юлія Дарашкевіч і фотакарэспандэнт Уладзіслаў Грыдзін. Як паведамілі журналісты сайту www.charter97.org, іх даставілі ў Першамайскі РУУС Менска. Як паведамляе «Радыё Свабода», Уладзіслаў Грыдзін быў моцна збіты міліцыянтамі падчас затрымання і па дарозе ў РУУС. У аддзяленні міліцыі затрыманыя правялі тры гадзіны, затым журналістаў вызвалілі, а актывістаў "Еўрапейскай Беларусі" Алега Ладуцьку, Насту Аскерку і Галіну Первушыну адправілі ў турму на Акрэсціна.

Беспрэцэдэнтную акцыю па масавым вывешванні забароненай нацыянальнай сімволікі актывісты «Еўрапейскай Беларусі» прымеркавалі да ўгодак першай дэманстрацыі беларускай апазіцыі, якая прайшла 30 кастрычніка 1988 года. Менавіта тады, упершыню пасля доўгага перапынку быў узняты бел-чырвона-белы сцяг на масавым мерапрыемстве.

Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» замацавалі палатніны на кожным слупе па абодвух баках праспекта Незалежнасці ад завода «Прамень» да Усходніх могілак. «Гэта сімвалічна, паколькі на Усходніх могілках пачыналася шэсце ў Курапаты ў 1988 годзе, а каля заводу «Прамень» мы збярэмся 1 лістапада гэтага года на традыцыйнае шэсце «Дзяды». Гэтай акцыяй мы хацелі нагадаць пра тое, што мэты, якія ставілі ўдзельнікі акцыі 21 год таму, па ранейшым не дасягнутыя. У нас па-ранейшаму пераследуюць людзей за іншадумства, у нас разганяюць вулічныя акцыі, у нас пад забаронай нацыянальныя сімвалы. І, як і тады, шмат што залежыць ад колькасці людзей, якія выходзяць на вуліцы. Таму найбліжэйшая акцыя, якая пройдзе 1 лістапада, - гэта не толькі даніна памяці ахвярам рэпрэсіяў, гэта яшчэ і акцыя, накіраваная супраць працягу палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

Мы заклікаем усіх, каму неабыякавае тое, што адбываецца ў краіне, прыйсці на «Дзяды» і стаць у адну калону з намі, каб ушанаваць памяць ахвяраў мінулых рэпрэсіяў і не дапусціць рэпрэсіяў у сучаснасці і будучыні!» - пракаментаваў акцыю адзін з яе ўдзельнікаў.

Нагадаем, што бел-чырвона-белы сцяг – нацыянальны гістарычны сцяг Беларусі. Пасля праведзенага ў 1995 годзе Лукашэнкам рэферэндуму, сцяг быў заменены на неасавецкі чырвона-зялёны. З таго часу нацыянальная сімволіка лічыцца «незарэгістраванай» і за яе выкарыстанне арыштоўваюць і штрафуюць.

Патрыётаў, якія вывесілі нацыянальныя сцягі, прысудзілі да штрафаў

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», арыштаваныя ў чацвер увечары за вывешванне нацыяльных сцягоў у Менску, прысуджаныя да буйных штрафаў, перадае сайт «Еўрапейская Беларусь».

Актывісты правялі ноч у турме на Акрэсціна, а ў пятніцу зраніцы былі дастаўлены ў суд Першамайскага раёна Менска, дзе сабраліся дзесяткі актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» і іншых арганізацый, каб патрымаць сваіх паплечнікаў.

У беларускім заканадаўстве не знайшлося нормы, якая забараняе вывешванне нацыянальных сімвалаў, таму Наста Аскерка, Алег Ладуцька і Галіна Пярвушына былі па традыцыі абвінавачаныя ў парушэнні арт. арт. 17.1 КаАП («дробнае хуліганства»). Супрацоўнікі міліцыі, якія затрымлівалі актывістаў, выступілі ў якасці сведак і сцвярджалі, што маладзёны «нецэнзурна лаяліся». Паказанні сведак, якія аспрэчвалі гэта, суддзі ў разлік не прынялі.

Супраць маладых людзей ілжэсведчылі супрацоўнікі міліцыі Тасянок С.Н., Дзяшкевіч А.Н., Грыневіч В.В, Дэлібутаеў Р.Р.

Суддзя Ананіч прысудзіла Насту Аскерка да штрафа памерам 15 базавых велічынь (525 тысяч рублёў). Галіну Пярвушыну суддзя Багомья О.М. прысудізіла да такога ж штрафа, нягледзячы на тое, што дзяўчына была арыштаваная, калі чакала на прыпынку транспарта. Алег Ладуцька прысуджаны да штрафа памерам 30 базавых велічынь (1 050 000 рублёў).

Адразу пасля прысудаў арыштаваныя былі вызвалены.

Фота Юліі Дарашкевіч, "Наша Нiва"

Напісаць каментар 220

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках