26 снежня 2024, Чацвер, 16:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сідорскі вярнуўся з Масквы з пустымі рукамі?

80
Сідорскі вярнуўся з Масквы з пустымі рукамі?

Учора ў Маскве адбылася сустрэча прэм'ер-міністраў Расеі і Беларусі – Уладзіміра Пуціна і Сяргея Сідорскага.

На без таго няпросты фон расейска-беларускіх адносінаў наклалася інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі ў канцы мінулага тыдня расейскім журналістам, у якім ён не толькі востра крытыкаваў палітыку Крамля ў дачыненні да Менска, але і абвінаваціў асабіста Пуціна ў развале «саюзнай дзяржавы». З улікам гэтага выніковасць перамоваў прэм'ер-міністраў выклікала вялікія пытанні.

Аднак учора Пуцін ні слова не сказаў у адрас Аляксандра Лукашэнкі, які напярэдадні, наадварот, выказаўся адносна расейскага прэм'ера максімальна падрабязна. Газета «Коммерсант» лічыць, што гэта звязана з тым, што расейскі прэм'ер вырашыў цяпер не заўважаць існавання беларускага кіраўніка — прынамсі пакуль той не апамятаецца.

Як піша «Независимая газета», асвятленне галоўнага пытання – адмовы Расеі вылучыць апошнюю частку крэдыту ў 500 млн. дал., за рашэннем якога і прыляцеў у Маскву Сідорскі, - прэм'еры ў прысутнасці прэсы абмяркоўваць не сталі. Зрэшты, гэта не перашкодзіла ім абмяняцца лёгкімі ўколамі. У прыватнасці, Пуцін нагадаў Сідорскаму пра тое, што Беларусь атрымлівае расейскія нафту і газ па нізкіх коштах, што стварае дадатковую ўстойлівасць эканомікі рэспублікі. Сідорскі не застаўся без адказу, прапанаваўшы абмеркаваць пастаўкі расейскай нафты на беларускія НПЗ. Мяркуючы па ўсім, Менск хацеў бы атрымаць вялікія прэферэнцыі ад Масквы ў гэтай сферы.

Між тым учора ў Беларусі эксперты актыўна абмяркоўвалі пытанне, як адаб'ецца на эканоміцы краіны недаатрыманне расейскага крэдыту ў 2 млрд. дал. Менск некалькі разоў безвынікова нагадваў Маскве пра апошні транш у 500 млн. дал. Аднак у панядзелак міністр фінансаў Расеі Аляксей Кудрын заявіў, што выдача гэтай сумы «на двухбаковай аснове» не плануецца. Міністр удакладніў, што ў Беларусі ёсць шанцы атрымаць гэтыя грошы толькі з антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Беларускі калега Кудрына Андрэй Харкавец праз афіцыйныя СМІ адразу ж парыраваў: Менск у ЕўрАзЭС грошай не прасіў, і наогул пакуль «не існуе фармалізаванай працэдуры працы з фондам». Зыходзячы з гэтых пазіцыяў, Харкавец заявіў, што Беларусь будзе працягваць перамовы з РФ аб атрыманні крэдыту.

Эксперты і насельніцтва тым часам абмяркоўваюць пытанне, што будзе з беларускай эканомікай, калі 500 млн. дал. ад Расеі не паступяць. Незалежныя эксперты, кажучы пра наступствы, падкрэсліваюць, што ўласна 500 млн. дал., вядома, не выратуюць. Але адмову ў крэдыце, на іх думку, варта расцэньваць як намёк на тое, што і на астатнія пытанні і прапановы Менска Масква адкажа адмовай. А такіх у Менска шмат.

У прыватнасці, беларускі бок прапаноўвае адмовіцца ад дзялення нафтавых пошлінаў і просіць не падвышаць кошт на газ у 2010 годзе, аргументуючы гэта стварэннем Мытнага саюза і складаным становішчам у цэлым у эканоміцы з-за крызісу. Дарэчы, у асяроддзі бюджэтнікаў папаўзлі чуткі пра тое, што чарговую і без таго невысокую зарплату яны своечасова не атрымаюць – беларускія СМІ распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што ў Міністэрстве аховы здароўя ўжо «узрадавалі» супрацоўнікаў весткай пра планаваныя затрымкі зарплаты.

Беларускія ўлады далі зразумець, што пры ўзнікненні чарговай канфрантацыі з Масквой не будуць проста трымаць удар, а паспрабуюць адказаць па меры магчымасці. Так, паводле паведамлення некаторых рэгіянальных СМІ, у шмат якіх населеных пунктах краіны супрацоўнікі дзяржкантролю на розных падставах знімаюць з гандлю расейскія прадукты. Адна з прычынаў, напрыклад, занадта дробны шрыфт на ўпакоўках. Старт такім праверкам на мінулым тыдні даў кіраўнік Дзяржкантролю Зянон Ломаць. Такімі мерамі, на думку экспертаў, улады намякаюць Маскве на гатоўнасць пачаць у выпадку чаго гандлёвую вайну, а заадно, забараняючы імпарт, змагаюцца з адмоўным знешнегандлёвым сальда.

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках