25 снежня 2024, Серада, 17:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя іншамаркі могуць падаражэць на 70%

21

Падпісанне адзінага Мытнага кодэкса Беларусі, Расеі і Казахстана істотна паўплывае на рынак легкавых аўто.

Як адзначыў старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) Сяргей Міхневіч, з 1 студзеня 2010 года аўтадылеры будуць вымушаныя прадаваць аўтамабілі ў Беларусі на 30-70% даражэй у параўнанні з коштамі бягучага года. У першую чаргу гэта датычыць новых аўтамабіляў, піша газета «Белорусы и рынок».

Першым фактарам, які паўплывае на падвышэнне коштаў, з'яўляецца нежаданне аўтадылераў другі год запар працаваць на страту. Сёння гандлёвыя зніжкі на новыя аўтамабілі дасягаюць 25%.

«Зразумела, што ў наступным годзе сабе на страту ніхто працаваць не будзе і кошты на аўтамабілі ўзнімуцца як мінімум на 25% да зніжкавых коштаў гэтага года», - сказаў С. Міхневіч.

Акрамя таго, мытныя пошліны на аўтамабілі могуць вырасці ў 3 разы ў сувязі з увядзеннем адзінага мытнага тарыфу Мытнага саюза. Таму Міхневіч лічыць, што беларускі рынак можа вярнуцца да стану пачатку 2005 года, калі ў краіне было прададзена крыху больш за 3 тыс. новых аўтамабіляў. Бязпошлінна будуць увозіцца толькі машыны, вырабленыя ў Расеі. Аднак там працуе ўсяго 9 зборачных вытворчасцяў, якія вырабляюць абмежаваную колькасць мадэляў. І таму дылерам будзе вельмі складана замясціць страчаныя аб'ёмы за кошт машынаў, сабраных у Расеі.

Прыняцце адзінага мытнага тарыфу 27 лістапада будзе азначаць толькі ўніфікацыю правілаў знешняга гандлю краінаў - удзельніцаў Мытнага саюза, а ўвоз аўтамабіляў фізічнымі асобамі трох краінаў знешнім гандлем не лічыцца, патлумачыў на прэс-канферэнцыі 5 лістапада начальнік упраўлення тарыфнага рэгулявання і мытных плацяжоў Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Сяргей Полудзень.

«У дачынені да ўвозу фізасобамі (і не толькі аўтатранспарту) нормы краінаў працягваюць дзейнічаць, калі не будзе прынята іншых рашэнняў. Зараз ідуць перамовы і распрацоўваецца дамоўна-прававая база. Запланавана, што падпісанне і распрацоўка пагадненняў, якія датычаць фізічных асобаў, будуць адкладзеныя на наступны год», - сказаў Полудзень.

Зрэшты, беларускія прыватнікі будуць працаваць у прывілеяваных умовах толькі да сярэдзіны наступнага года. З 1 ліпеня 2010 года Расея, Беларусь і Казахстан плануюць перанесці рэгістрацыю часавага ўвозу аўтатранспарту на знешнія межы Мытнага саюза. Гэта азначае, што да таго часу стаўкі мытных пошлінаў на аўтамабілі для фізічных асобаў павінны быць узгодненыя.

Яшчэ адным вострым пытаннем, якое хвалюе аўтадылераў, з'яўляецца захаванне нулявой стаўкі ПДВ на аўтамабілі, якія ўвозяцца з-за мяжы.

Нагадаем, у лістападзе 2005 года выйшаў Указ № 546, які ліквідаваў няроўныя ўмовы пры ўвозе і рэалізацыі аўтамабіляў у краіне для юрыдычных і фізічных асобаў. Ён прадугледжвае нулявую стаўку ПДВ для абедзвюх катэгорыяў імпарцёраў. Дзякуючы гэтаму за чатыры гады дзеяння ўказу афіцыйныя аўтадылеры павялічылі імпарт новых іншамарак у 10 разоў. Калі ў 2005 годзе доля аўтамабіляў, увезеных у Беларусь юрыдычнымі асобамі і прадпрымальнікамі, складала ў агульным аб'ёме імпарту каля 1%, дык ў 2008 годзе гэты паказчык вырас да 43%.

З пачатку бягучага года, па словах Міхневіча, на долю юрасобаў прыходзіцца ўжо больш за палову аб'ёму імпарту новых аўтамабіляў. Аднак праз некалькі месяцаў эксперты прагназуюць падзенне ўдзелу юрыдычных асобаў у гандлі аўтамабілямі да 5%.

Калі ў межах уступлення Беларусі ў Мытны саюз стаўка ПДВ на новыя аўтамабілі будзе падвышаная, дык можна чакаць дадатковага падаражэння іншамарак яшчэ прыкладна на 20%.

Аднак, як адзначыў Полудзень, сёння Мытны кодэкс Мытнага саюза і заканадаўства, якое распрацоўваецца ў межах Мытнага саюза, прадугледжваюць, што пытанні выплаты ПДВ і акцызаў будуць аднесеныя на нацыянальны ўзровень.

«Сёння ніякіх перадумоваў таго, што адменяць Указ № 546, у нас няма. Але гэтыя пытанні могуць прапрацоўвацца дадаткова. І калі існуючыя правілы будуць ушчамляць інтэрасы які-небудзь з бакоў, дык краіны могуць падаваць прапановы па змене ўмоваў увозу», - сказаў Полудзень.

Паводле прагнозаў Міхневіча, у бягучым годзе рынак новых іншамарак скароціцца ўдвая ў параўнанні з 2008 годам - да 15-17 тыс. аўтамабіляў. Пры найлепшай сітуацыі на беларускім рынку (падвышэнне мытных пошлінаў, але захаванне нулявой стаўкі ПДВ) у 2010 годзе прагназуецца захаванне гэтых аб'ёмаў увозу новых аўтамабіляў.

Між тым у сувязі са з'яўленнем інфармацыі аб падвышэнні ўвазных мытных пошлінаў на легкавыя аўтамабілі, па словах Міхневіча, продажы некаторых дылераў выраслі ў 2 разы.

«Сітуацыя з ростам продажаў у апошнія месяцы падобная на сітуацыю ў канцы мінулага года, калі шмат хто чакаў горшага. Гэтым разам ажыятаж абмяжоўваецца наяўнасцю машынаў на складзе. Аўтамабільныя дылеры ў бягучым годзе ўжо не змогуць завезці машыны. Усё абмяжоўваецца той прапановай, якая ёсць на складзе. Тыя дылеры, якія нарошчваюць продажы, робяць гэта толькі таму, што яшчэ ёсць што прадаваць», - патлумачыў Міхневіч.

Сёння ўсе аўтадылеры спрабуюць дамовіцца са сваімі пастаўшчыкамі пра даванне зніжак. Аднак, як патлумачыў Міхневіч, і вытворцы не хочуць працаваць сабе на страту.

Інфармацыя аб падвышэнні пошлінаў падагрэла і рынак патрыманых аўтамабіляў. Як прагназуе Міхневіч, «у найбліжэйшыя 5-7 тыдняў да калядных вакацыяў на мяжы будзе горача».

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках