23 снежня 2024, панядзелак, 15:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зянон Пазняк: «Санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў трэба пакінуць»

42

Лідэр КХП БНФ заяўляе, што пакуль існуе рэжым Лукашэнкі – ніякіх змен у Беларусі не будзе.

Як вядома, 16-17 лістапада ў Брусэлі адбудзецца сустрэча міністраў замежных спраў Еўразвяза, на якой будзе разгледжаны працэс дыялога уладаў Беларусі з ЕЗ. І адпаведна будзе прынята рашэнне пра лёс візавых санкцый у дачыненні беларускіх чыноўнікаў. Пра тое, ці варта працягваць санкцыі ў адносінах беларускага рэжыму, распавёў сайту Euramost.org старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк.

- Зянон Станіслававіч, як вы ацэньваеце працэс інтэграцыі Беларусі ў Еўропу?

- І я, і наша партыя аб гэтым выказаліся яшчэ месяц назад – санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў трэба пакінуць. Ніякай інтэграцыі з Еўропай не будзе, пакуль будзе гэты рэжым. Толькі змены ва ўнутранай палітыцы Беларусі прывядуць да інтэграцыі.

- Вы лічыце, што рэальныя змены ва ўнутранай палітыцы ў нас сёння магчымы?

- Пакуль існуе гэты рэжым – ніякіх зменаў не будзе. Будуць змены толькі на горшае.

- Як кажуць, не за гарамі чарговыя прэзідэнцкія выбары…

- Самы лепшы варыянт у дадзеным выпадку – гэта адкрытае змаганне з рэжымам. Гэта альбо адмовіцца ад тайнага галасавання, што ў гэтай сітуацыі вельмі цяжка, паколькі ёсць фармальныя захады, якія трэба ажыццявіць. Альбо выбары трэба байкатаваць. І на гэтай аснове кансалідаваць грамадства. Бо створана сістэма фальсіфікацый, у якой выбары выйграць нікому немагчыма, акрамя кіраўніка ўлады. Гэта засведчыла практыка пятнаццаці гадоў яго кіравання, усіх выбараў і рэферэндумаў, якія былі. Народ не мае ніякага кантроля над выбарамі і ніякага ўплыву. Абсалютна! І таму вывад зараз адзіны – павінен быць байкот і адкрытае змаганне з гэтай сістэмай. Толькі грамадскі ціск, кансалідацыя людзей і салідарнасць на гэтай глебе могуць гэтую сітуацыю зварухнуць з мёртвай кропкі.

- Ці верыце вы, што будуць нейкія рэальныя змены ў Выбарчым заканадаўстве, аб чым заяўляе ўлада?

- Не, не будзе зменаў. Магчыма, будуць нейкія фармальныя, малаістотныя перамены для таго, каб паказаць Еўропе, што тут нешта робіцца. Але ніякіх істотных зменаў не будзе, паколькі усім гэтым кіруе адзін чалавек. Яго задача – усімі сродкамі захаваць уладу.

- Зянон Станіслававіч, а чаму Еўропа стала такой лаяльнай да беларускага рэжыма?

- Таму што гэта яе палітыка на дадзеным этапе – паспрабаваць такі варыянт. Паколькі першы варыянт ізаляцыі і ціску пры дапамозе грамадства не даў вынікаў, то зараз спрабуюць іншы шлях, які яшчэ горшы. Адзіны варыянт, які дасць вынікі, - гэта сам народ, само беларускае грамадства, сама беларуская палітычная эліта і ўнутраная барацьба. Вось адзіны варыянт, які заўсёды ў свеце дае вынікі. І толькі ён дасць вынік у нас. Усе гэтыя шашні Еўропы з беларускім рэжымам – гэта з’ява часовая. І вынікі ад яе будуць мізэрныя. Гэта не значыць, што іх не павінна быць, можа быць, і такая палітыка. Але вынікі мізэрныя і да кардынальных пераменаў не прывядуць.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках