23 снежня 2024, панядзелак, 10:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Санкцыі супраць беларускага рэжыму падоўжаныя, але пакуль «замарожаныя»

32
Санкцыі супраць беларускага рэжыму падоўжаныя, але пакуль «замарожаныя»

Рада Еўразвяза прыняла рашэнне падоўжыць на год візавыя санкцыі супраць афіцыйнага Менска да кастрычніка 2010 года. Адначасова гэтыя санкцыі «замарожаныя» да кастрычніка.

Рашэнне было ўхвалена без спецыяльнага абмеркавання. Як паведамляе «Радыё Свабода», акрамя гэтага пастанова прапаноўвае Менску распачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Еўразвязам і Беларуссю і дапускае магчымасць распачаць у перспектыве перамовы аб заключэнні двухбаковага пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве. На найбліжэйшую перспектыву прапаноўваецца «сумесны прамежкавы план вызначэння прыярытэтаў для рэформаў у Беларусі».

У пастанове адзначаецца, што візавыя санкцыі супраць беларускіх службовых асобаў «могуць быць скасаваныя ў любы момант, у залежнасці ад дзейнасці беларускіх уладаў у сферы дэмакратыі і правоў чалавека».

У дакуменце выказваецца шкадаванне, што ў апошні час у Беларусі было недастаткова значнага прагрэсу ў галіне правоў і свабодаў чалавека. Так, ужывалася сіла ў дачыненні да мірных палітычных пратэстаў і мелі месца адмовы ў рэгістрацыі вялікай колькасці палітычных партыяў, няўрадавых арганізацыяў і незалежных СМІ.

Еўразвяз заклікае Менск правесці рэформу выбарчага заканадаўства і паважаць правы чалавека, у прыватнасці спыніць ціск на палітычных актывістаў і незалежныя СМІ. Брусэль таксама выказаўся за ўвядзенне ў Беларусі мараторыя на смяротнае пакаранне.

Упершыню візавыя санкцыі былі ўведзеныя ў 2004 годзе ў дачыненні да чатырох беларускіх чыноўнікаў, да 2006 года спіс павялічыўся да 41 чалавека.

У кастрычніку 2008 года кіраўнікі МЗС краінаў ЕЗ прыпынілі на паўгады дзеянне санкцыяў для 36 асобаў з гэтага спісу. У ім засталіся пяць чалавек — тыя, каго Еўропа падазрае ў датычнасці да палітычных знікненняў у 1999—2000 гадах (экс-міністры ўнутраных справаў Юры Сівакоў і Уладзімір Навумаў, былыя дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман і камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС Дзмітры Паўлічэнка), а таксама кіраўнічка Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына – за фальсіфікацыю вынікаў выбараў і рэферэндумаў.

16 сакавіка 2009 года на паседжанні ў Брусэлі замарозка санкцыяў была падоўжаная ўжо на дзевяць месяцаў. Пры гэтым дзеянне гэтага спісу падаўжалася на год. Тады ж было заяўлена пра магчымасць поўнай адмены ўсіх абмежавальных мераў.

Брусэль удакладніў пяць прыярытэтных галінаў, дзе Беларусі неабходныя паляпшэнні: рэформа выбарчага заканадаўства; забеспячэнне свабоды аб'яднанняў; стварэнне ўмоваў для дзейнасці няўрадавых арганізацыяў; свабода прэсы; зняццёў абмежаванняў для свабоды асобы.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках