24 снежня 2024, aўторак, 3:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мілінкевіч: «Рашэнне Еўразвяза – справядлівае»

35

Лідэр руху «За свабоду» ухваляе рашэнне Еўразвяза працягнуць і адначасова «замарозіць» санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў.

Паводле лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, рашэнне Рады Еўразвяза працягнуць на год візавыя санкцыі супраць афіцыйнага Менска да кастрычніка 2010 года і адначасова пакінуць гэтыя санкцыі «замарожанымі» на год з’яўляецца «справядлівым і адпавядаючым рэчаіснасці». Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю «Радыё Свабода».

«Такое рашэнне - цалкам лагічнае, -- заяўляе палітык. -- Можа, беларускія ўлады не заўсёды разумеюць, што гэта менавіта так. Але яно лагічнае, бо ніхто не збіраецца штучна ізаляваць Беларусь, усе хочуць супрацоўніцтва. Але супрацоўніцтва павінна адбывацца на падставе маральных каштоўнасцяў, і беларуская ўлада мусіць дэманстраваць, што яна імкнецца правесці палітычныя рэформы і лібералізаваць Беларусь. Але было вельмі мала сігналаў, а калі і былі, то былі вельмі нязначныя зрухі ў гэтым накірунку».

Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што беларускія ўлады павінны зрабіць высновы з рашэння Рады Еўразвяза.

«Гэта перамога маральных пазіцый, на якіх стаіць ЕЗ. Я ўпэўнены, што ЕЗ не можа адступіць ад каштоўнасцяў, на якіх аб’яднаўся, выключна дзеля таго, каб супрацоўнічаць з Беларуссю. Спадзяюся, што і беларускія ўлады зразумеюць, што даецца добры шанец не толькі для іх, але і для беларускага народа на шырокае супрацоўніцтва і нават інтэграцыю ў ЕЗ. І павінны зрабіць высновы з гэтага. У Еўропе ўсе паказваюць сваімі дзеяннямі, што Беларусь - еўрапейская краіна і мусіць адпавядаць тым крытэрам, якія прад’яўляюцца ўсім краінам у супрацоўніцтве», -- гаворыць лідэр руху «За свабоду».

Рада Еўразвяза таксама заклікала Еўракамісію падрыхтаваць рэкамэндацыі для пачатку перамоваў аб спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю. Пытанне спрашчэння візавага рэжыму Мілінкевіч назваў самым галоўным, «бо яно тычыцца не палітычных эліт, а ўсіх людзей».

«Мы вельмі зацікаўленыя ў тым, каб беларусы маглі ўсё лягчэй і лягчэй выязджаць у Еўропу, кантактаваць і на асабістым узроўні, і ў сферы бізнэсу. Я спадзяюся, што гэта будзе спрыяць змяншэнню цаны на візы, будзе спрыяць такому супрацоўніцтву. Вельмі чакаю такіх рашэнняў», -- заяўляе палітык.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках