23 лiстапада 2024, Субота, 14:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грамадскія актывісты краін «Усходняга партнёрства» выступілі адзіным фронтам (Фота)

3

Свабоды палітвязням, свабодных выбараў, свабоды слова і бясплатных віз дамагаюцца ўдзельнікі Форума ў Брусэлі ад ЕЗ і сваіх урадаў.

Сёння перад удзельнікамі Форума грамадзянскай супольнасці выступілі камісар Еўразвяза па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер і кіраўнік Міністэрства замежных спраў Швецыі, якая старшынюе ў ЕЗ, Карл Більдт.

Камісару Еўразвяза быў перададзены выніковы дакумент Форума, які распрацоўваўся яго ўдзельнікамі цягам двух дзён. Рэзалюцыю ўручыў кіраўнік Асамблеі няўрадавых арганізацый Беларусі Сяргей Мацкевіч. Прадстаўнік Беларусі быў абраны для ўручэння дакумента з вялікай колькасці ўдзельнікаў Форума – у мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі 240 арганізацый з шасці краін-удзельніц праграмы «Усходняе партнёрства». Беларус Сяргей Мацкевіч таксама абраны каардынатарам найбуйнейшай платформы Форума - «Дэмакратыя і правы чалавека».

У выніковым дакуменце ўдзельнікі Форума грамадзянскай супольнасці заклікаюць Еўрапейскі Звяз дамагацца ад урадаў краін-удзельніц праграмы «Усходняе партнёрства» вызвалення палітычных вязняў, выканання правоў чалавек, правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў, свабоды слова і свабоды сходаў. У дакуменце таксама казалася пра неабходнасць выпрацаваць «дарожную карту» адмены візавага рэжыму з краінамі-удзельніцамі праграмы, а для пачатку – увесці бясплатныя шматразовыя візы.

Дадзеная рэзалюцыя Форума грамадзянскай супольнасці будзе прадстаўлена на паседжанні Рады міністраў Еўразвяза, якое пройдзе ў пачатку снежня.

Еўракамісар Беніта Ферэра-Вальднер запэўніла ўдзельнікаў Форума, што ўсе іх рэкамендацыі будуць улічаныя. Паводле яе словаў, дзякуючы форуму праграма «Усходняе партнёрства» выйшла на новы этап рэалізацыі.

«Камісар сказала: раней усе пытанні абмяркоўваліся толькі паміж урадамі, зараз гэта вырашаеце непасрэдна вы. Вашыя рэкамендацыі будуць выкарыстаныя. Супрацоўніцтва немагчыма без грамадзянскай супольнасці. Вы прывязеце на радзіму пасланне, што мы вельмі сур’ёзна ставімся да грамадзянскай супольнасці», -- паведаміў сайту charter97.org з Брусэля прадстаўнік Хартыі’97 і грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Уладзімір Кобец, які ўдзльнічае ў Форуме.

Перад удзельнікамі Форума выступіў таксама кіраўнік МЗС Швецыі Карл Більдт. Ён заявіў, што «Усходняе партнёрства» - адна з найважнейшых ініцыятыў, і сёння Еўразвяз дэкларуе магчымасць распаўсюду законнасці і рынкавай эканомікі ў рэгіёне. Палітык запэўніў, што супрацоўніцтва з краінамі «Усходняга партнёрства» будзе будавацца не толькі на міждзяржаўным узроўні, але і на ўзроўні грамадзянскіх супольнасцяў.

Нагадаем, што першае паседжанне Форума грамадзянскай супольнасці праходзіла 16 і 17 лістапада ў Брусэлі. Канферэнцыя арганізавана Швецыяй, якая старшынюе ў Еўразвязе, Еўракамісіяй і Сацыяльна-эканамічным камітэтам ЕЗ. У ёй бралі ўдзел каля 240 грамадскіх арганізацый з шасці краін-партнёраў – Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Гэта няўрадавыя арганізацыі, аб’яднанні працадаўцаў і прафсаюзы. З Беларусі былі запрошаныя прадстаўнікі 27 арганізацый.

Сяргей Мацкевіч перадае выніковы дакумент Форуму

Сяргей Мацкевіч, Беніта Ферера-Вальднер і Карл Більдт

Уладзімір Кобец і Беніта Ферера-Вальднер

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках