Дэпутаты парламента Грузіі: «Калі Беларусь прызнае Абхазію і ПА – апынецца ў міжнароднай ізаляцыі»
31- 18.11.2009, 11:38
У парламенце Грузіі спадзяюцца, што Беларусь не прызнае незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.
Як заявіў журналістам старшыня камітэта па знешніх сувязях Акакі Мінашвілі, калі Беларусь выбірае заходні шлях, дык ў яе інтэрасы не павінна ўваходзіць прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.
Ён лічыць, што Беларусь не павінна ісці на павадку ў Расеі і павінна супрацьстаяць яе ціску, у адваротным выпадку апынецца ў міжнароднай ізаляцыі, паведамляе Грузія Online.
Дэлегацыя беларускага «парламента» наведвае Абхазію, Паўднёвую Асецію і Грузію з мэтай маніторынгу сітуацыі ў рэгіёне перад абмеркаваннем пытання аб магчымым прызнанні незалежнасці каўказскіх рэспублікаў.
Нагадаем, што каля года таму Абхазія і Паўднёвая Асеція звярнуліся з просьбай да беларускага «парламенту» аб прызнанні незалежнасці. На гэты момант Паўднёвую Асецію і Абхазію прызналі толькі Расея і Венесуэла. Таксама пытанне аб прызнанні выносіў на абмеркаванне прэзідэнт Нікарагуа, аднак парламент адхіліў яго прапанову. Астатнія краіны лічаць Абхазію і Паўднёвую Асецію часткай Грузіі.
Пра тое, што Беларусь прызнае незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, Аляксандр Лукашэнка заявіў яшчэ ў верасні мінулага года. Аднак шматлікія незалежныя эксперты ацанілі гэтую заяву як гульні з Еўразвязам для атрымання крэдытаў.