17 студзеня 2026, Субота, 20:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы прапілі паўтара мільярда даляраў

38

За дзесяць месяцаў гэтага года беларусы выдаткавалі на алкаголь без малога 4 трыльёны рублёў.

Пры гэтым, як падлічылі статысты, ледзь-ледзь - на 0,4% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года - знізілася рэалізацыя гарэлкі, хоць у агульным аб'ёме прададзенага алкаголю доля гэтага напоя вырасла да 46,4% (8,875 млн даў) з 45,6% год таму, паведамляюць «Белорусские новости».

Лікёра-гарэлкавых вырабаў прададзена 1,009 млн дал (на 14,6% больш), вінаградных вінаў - 1,927 млн дал (на 6,0% менш), пладовых вінаў - 13,401 млн дал (на 7,5% менш). Пладовыя віны занялі 31,5% у аб'ёме продажаў алкагольнай прадукцыі (у студзені - кастрычніку 2008 года - 33,4%). Каньяку і брэндзі прададзена 168,1 тыс. дал (на 20,9% менш), ігрыстых вінаў і шампанскага - 814,6 тыс. дал (на 0,9% менш).

Нарколагі як пазітыўны факт адзначаюць паніжэнне ўжывання пладовых вінаў, але высокі ўзровень продажаў «чарніла» іх па-ранейшаму трывожыць. А дзяржава яшчэ 10 гадоў таму збіралася цалкам спыніць вытворчасць напояў такога кшталту, але так дагэтуль і не здолела пазбавіцца ад уласнай дваістай пазіцыі па гэтым пытанні.

З аднаго боку, выпуск таннага і толькі мінімальна адпавядаючага прынятым у краіне стандартам спіртнога негатыўна ўплывае на сітуацыю з алкагалізмам і нясе пагрозу дэмаграфічным інтэрасам. І гэтыя праблемы трэба вырашаць. Але з іншага, вытворчасць пладовых вінаў эканамічна мэтазгодна, бо патрабуе не шмат выдаткаў і высокапрыбыткова.

Былі ініцыятывы з боку дзяржаўных ведамстваў забараніць у Беларусі вытворчасць і продаж слабаалкагольных напояў. Але і гэтае пытанне не вырашана. А продажы рознага кшталту напояў тыпу джын-тонік за студзень - кастрычнік гэтага года выраслі на 5% - за гэты перыяд беларусы купілі 1,136 млн дал слабаалкагольных напояў. Выраслі і продажы піва - на 5,6%. За 10 месяцаў было прададзена 22,337 млн. Доля піва ў агульным аб'ёме спажывання алкаголю склала 11,7% (за такі жа перыяд 2008 года - 10,8%).

Сітуацыя з ростам ужывання піва таксама трывожыць айчынных медыкаў. Па словах доктара-валеолага Аляксандры Лагун, гэтую тэндэнцыю нельга назваць станоўчай нават на фоне паніжэння ўжывання моцных алкагольных напояў.

«Піўны алкагалізм не слабейшы за той, які развіўся ў выніку ўжывання моцных алкагольных напояў. Калі чалавек п'е піва, напой з меншым утрыманнем алкаголю, і імкнецца да стану ап'янення, у арганізм у вялікіх аб'ёмах пападае вадкасць. Яна стварае нагрузку на сардэчна-сасудзістую сістэму і на ныркі. Аб'ём цыркулюючай крыві павялічваецца, паколькі сэрцу неабходна перапампаваць большы аб'ём вадкасці. З часам для таго, каб зладзіцца з такой нагрузкай, сардэчная мышца патаўшчаецца, павялічваецца. Такое сэрца называюць «бычыным».

А. Лагун падкрэсліла, што ўсе довады аб карысных уласцівасцях піва перакрэсліваюцца празмернасцю ў яго ўжыванні. «У выніку таго, што выпіваецца велізарная колькасць піва, доза алкаголю набіраецца, і адбываецца яго таксічнае ўздзеянне на цэнтральную нервовую сістэму», - сказала яна.

За мінулы год кожны беларус выпіў у сярэднім 12,4 літры чыстага спірту. Калі адняць дзяцей, старых і перакананых непітушчых, то атрымаецца, што піток і ўмерана пітушчы беларус штогод улівае ў сябе да 30 літраў спіртнога. З 2005 па 2008 гады спажыванне чыстага спірту на душу насельніцтва вырасла ў 1,3 разы. Па класіфікацыі СААЗ, паказчык вышэйшы за 5 літраў алкаголю на душу насельніцтва ў год ужо лічыцца пагрозлівым для нацыі.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках