26 снежня 2024, Чацвер, 7:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі збіраюцца стварыць «кодэкс маральнасці эканомікі»

153

Кодэкс мяркуе стварэнне цалкам новай мадэлі развіцця краіны, аналагаў якой у свеце сёння няма.

Як заявіў на мінулым тыдні прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар эканамічных навук Валерый Байнеў, кодэкс заснаваны не проста на нейкіх агульных крытэрах і запаведзях. Ён уключае ў сябе свядомае абмежаванне спажывання для чынавенства і бізнэсу – не вышэй за узровень, характэрны для сярэдняга суайчынніка, паведамляе «Ежедневник».

«Мала таго, што чыноўнік заплаціў падаткі і спіць спакойна. Ён яшчэ не мае права жыць больш раскошна, чым сярэдні суайчыннік. Толькі так можна прымусіць чыноўнікаў і бізнэс клапаціцца і рупіцца пра дабрабыт айчыны», – заявіў В.Байнеў, прадстаўляючы першасны варыянт кодэкса маральнасці беларускай эканомікі.

Па словах прафесара, да ідэі якога ўжо прыслухваюцца ў Адміністрацыі прэзідэнта, кодэкс мяркуе ў першую чаргу адмову ад рынкавай эканомікі, якая «якая раз'ядноўвае і паразітуе».

«Яна з Захаду нам імплантаваная. Яна ўжо дастаткова спарахнелая і састарэлая, але гэтая дактрына сёння дамінуе», – заявіў прафесар. На яго думку, у нас павінна быць працоўная эканамічная парадыгма, якая – аснова нашага развіцця.

На яго думку, разбурэнне беларускай эканомікі адбываецца з двух прычынаў і першая з іх – ліберальна-рынкавыя рэформы. «Другі фактар нашага занявольвання – манітарны», – упэўнены В.Байнеў.

Прафесар перакананы, што насаджэнне заходніх каштоўнасцяў ляжыць у аснове дэідэалагізацыі беларускага грамадства.

«Патрыярх Кірыл у інтэрв'ю ўкраінскаму тэлеканалу падкрэсліў, што нельга пабудаваць сёння эфектыўную эканоміку без маральнага вымярэння. Пытанні маральнасці сёння ўзнімаюцца на парадак дня рэлігійнымі, грамадскімі, палітычнымі дзеячамі. Гэта тыя каштоўнасці, на якіх грунтуецца наш усходнеславянскі праваслаўны светапогляд», – заявіў В.Байнеў.

Па словах прафесара, новая эканамічная мадэль Беларусі павінна трымацца на трох кітах. Першы – дзяржаўная ўлада для служэння, а не для карыслівага набыцця. Другі – прыярытэтнасць абавязкаў, а не правоў ва ўлады перад народам. Трэці – першаснасць маральнага пачатку, а не толькі юрыдычнага.

«Мы на эканамічным факультэце распрацавалі разліковыя крытэры маральнасці эканомікі. І цяпер мы можам падлічыць, якая эканоміка маральная, а якая менш маральная. Мэтавай функцыяй маральнай эканомікі мы абвесцілі пашыранае ўзнаўленне нацыі. Не прыбытак для абраных дзеля выкарыстання ўсіх астатніх у якасці рэсурсу, які набываецца на рынках працы нароўні са скатом, угнаеннямі і ўсім астатнім, а менавіта пашыранае ўзнаўленне нацыі, калі нас становіцца больш, калі нашыя мужчыны становяцца больш разумнымі, жанчыны больш прыгожымі і добрымі, а дзеці шматлікімі і ўсмешлівымі. На жаль, прыватнакапіталістычная эканоміка не адпавядае гэтым крытэрам. Яна амаральная па сутнасці. Прэзідэнт Беларусі на прэс-канферэнцыі з расейскімі журналістамі так і заявіў, што прыватнік ніколі не будзе заклапочаны ні народам, ні дзяржавай. Гэта значыць, пашыранае ўзнаўленне нацыі для яго абыякавае. У прынцыпе згодны з гэтым і прэзідэнт Расейскай Федэрацыі Дзмітры Мядзведзеў», – патлумачыў прафесар.

Наколькі распрацаваны кодэкс прыме цяперашняе кіраўніцтва Беларусі, сказаць пакуль складана. Але, па словах В.Байнева, у прэзідэнта канцэпцыя кодэкса разуменне знайшла. Мала таго, БДУ ужо распрацаваў механізмы пераходу да новай эканамічнай мадэлі.

«Пачатковыя крокі мы прапісалі ў рэкамендацыі. Гэта рашучая адмова ад прапаганды ў СМІ дезінтэгруючых заходніх псеўдакаштоўнасцяў: культу ўзбагачэння без працы, перавагі раскошы, спажывання, ежы, сэксу і іншага. Прапаганда нашых усходнеславянскіх маральных ідэалаў: любові да айчыны, служэння свайму народу, павагі да працы, калектывізму, супрацоўніцтва і ўзаемадапамогі, сям'і, здаровага ладу жыцця», – патлумачыў прафесар. На яго думку, кодэкс як аснову беларускай эканамічнай мадэлі неабходна прымаць як мага хутчэй, таму што «мы выміраем, гераінавыя наркаманы ходзяць сярод нас».

Напісаць каментар 153

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках