27 снежня 2024, Пятніца, 9:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Старыкевіч: «Каб паслухаць дзяжурныя прамовы Мядзведзева, не трэба было запрашаць у Маскву»

15

Рэдактар інтэрнэт-газеты «Салідарнасць» Аляксандр Старыкевіч лічыць, што запрасіўшы беларускіх журналістаў у Маскву, Дзмітрый Мядзведзеў вырашыў пагуляць на нервах Аляксандра Лукашэнкі.

Пра гэта галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты «Салідарнасць» Аляксандр Старыкевіч распавёў у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

– Фармальна гэтая падзея сталася больш цікавай, чым змястоўнай, -- заяўляе Аляксандр Старыкевіч.-- Вядома, тое, што кіраўнік суседняй дзяржавы запрашае журналістаў на прэс-канферэнцыю, – гэта падзея. Аднак з таго, што было сказана Мядзведзевым, мала што вынікае. І ў тым ліку сэнс гэтага мерапрыемства застаецца не зусім зразумелым. Так, паказалі дулю Лукашэнку, таму што яму не вельмі падабаецца наўпроставая гутарка расейскага прэзідэнта з беларускімі СМІ, у тым ліку, і незалежнымі.

Яшчэ можна адзначыць, што Мядзведзеў зусім недвухсэнсоўна даў зразумець: ніякіх канфліктаў паміж ім і Лукашэнкам не існуе і спрабаваць убіць клін бессэнсоўна. Але, з майго пункту гледжання, неяк драбнавата для такога мерапрыемства. І чаго менавіта хацеў дамагчыся Крэмль, склікаючы гэтую прэс-канферэнцыю, пакуль што застаецца загадкай.

– Мядзведзеў сказаў, што такія сустрэчы могуць стаць рэгулярнымі і нават наконт магчымых кантактаў з апазіцыйнымі беларускімі палітыкамі выказаўся загадкава: «А чаму бы і не?»

– Гэта так. Але Мядзведзеў спаслаўся на лукашэнкаўскі досвед. Аляксандр Рыгоравіч, як вядома, ужо даўно штогадова праводзіць буйнае прапагандысцкае шоў для расейскіх СМІ. Аднак я ўсё ж чакаў чагосьці больш змястоўнага, калі хочаце, цікавейшага ад прэзідэнта Расеі, нейкіх яго заяваў на гэтай прэс-канферэнцыі. Але атрымалася ўсё даволі дзяжурна, і каб агучыць усе гэтыя рэчы, як я лічу, не абавязкова трэба запрашаць беларускіх журналістаў у Маскву. Чаго тут чакаў Крэмль, акрамя таго, каб пагуляць на нервах Аляксандра Лукашэнкі, асабіста мне не вельмі зразумела.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках