27 лiстапада 2024, Серада, 7:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасля сустрэчы з беларускім дыктатарам Берлусконі будуць судзіць

14
Пасля сустрэчы з беларускім дыктатарам Берлусконі будуць судзіць

Сёння для сустрэчы з Лукашэнкам ў Беларусь прыбывае прэм'ер-міністр Італіі Сільвіа Берлусконі.

Тым не менш, дома ў італьянскага прэм'ер-міністра не ўсё добра. Судовы працэс супраць Сільвіа Берлусконі, які абвінавачваецца ў подкупе свайго брытанскага адваката Дэвіда Мілса, аднаўляецца 4 снежня. Гэтую дату вызначыў у пятніцу міланскі суд, дзе пройдуць слуханні.

Паводле абвінавачвання, кіраўнік італьянскага ўрада купіў маўчанне свайго брытанскага адваката, які праходзіў сведкам у справе аб карупцыі, датычнай дзеянняў кампаніі, што належыць Берлусконі, у пачатку 1990-х гадоў.

Сам Мілс, які паведаміў у лісце знаёмаму пра «падарунак у 600 тысячаў даляраў» ад Берлусконі, што стала асноўным доказам, ужо прысуджаны да 4,5 гадоў турмы за атрыманне хабару і ілжэсведчанне. Як паведамлялася раней, віну Берлусконі па гэтай справе ўжо ўскосна прызнаў суд першай інстанцыі.

Тым не менш, судовы разгляд супраць Берлусконі быў прыпынены пасля прыняцця закона аб судовай недатыкальнасці кіраўнікоў дзяржавы. Аднак пасля прызнання яго Канстытуцыйным судом неадпаведным галоўнаму закону краіны прэм'ер пазбавіўся імунітэту.

Нагадаем, 7 кастрычніка Канстытуцыйны суд Італіі прызнаў неадпаведным асноўнаму закону краіны так званы «закон Альфана», які гарантаваў Берлусконі імунітэт ад крымінальных пераследаў.

Усяго за апошнія 10 гадоў супраць цяперашняга прэм'ера Італіі ініцыявалася каля 90 крымінальных справаў. 73-гадовага медыямагната абвінавачвалі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і незаконным фінансаванні палітычных партыяў, карупцыі. Аднак звычайна Берлусконі апраўдвалі ці вызвалялі ад адказнасці з-за сканчэння тэрміна даўнасці парушэнняў.

Прэм'ер-міністр Італіі ў апошні час стаў падтрымліваць цесныя сувязі з дыктатарамі. Напярэдадні візіту ў Менск і сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, якога называюць апошнім дыктатарам Еўропы, Берлусконі правёў 25 лістапада ў перамовы з кіраўніком Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках