24 снежня 2024, aўторак, 15:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Грушавы: Лукашэнка і Берлусконі прыкрыюцца чарнобыльскай тэмай

8

Кіраўнік фонда «Дзецям Чарнобыля» не выключае, што сустрэча правіцеляў Беларусі і Італіі можа адбыцца пад шырмай дабрачыннасці.

Італія — адзін са стратэгічных партнёраў Беларусі ў пытанні рэабілітацыі беларускіх дзяцей з забруджаных радыяцыяй тэрыторый, адзначае «Радыё Свабода». Паводле афіцыйнай статыстыкі, з 40 тысяч чалавек, якія ў сярэднім за год выяжджаюць на аздараўленне за мяжу, палову прымаюць менавіта італьянскія сем’і.

Кіраўнік дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля» Генадзь Грушавы згадвае, што ўпершыню дзеці з Беларусі арганізавана трапілі на Апеніны амаль 20 гадоў таму, але механізм аздараўлення ад таго часу мала змяніўся.

«Упершыню я прывёз туды дзяцей напрыканцы 1990 года, якраз на Каляды. Гэта ўвогуле была першая група, якая прыехала ў Італію...», - кажа Генадзь Грушавы.

Кіраўнік дзіцячага фонда не выключае, што тэма аздараўлення беларускіх дзяцей у Італіі так ці іначай будзе ўзнята падчас сустрэчы Лукашэнкі і Берлусконі.

«Больш за тое, я думаю, што яна будзе адна з першых, -- заяўляе Грушавы. -- Трэба прадэманстраваць, што сустрэча звязаная не выключна з эгаістычнымі матывамі, а грунтуецца на гуманітарных, дабрачынных сувязях паміж нашымі краінамі. Мяркую, што гэта будзе адзначана абодвума лідэрамі».

Пры гэтым Генадзь Грушавы адзначае, што насамрэч, правіцелі Беларусі і Італіі нічога не зрабілі для паляпшэння сітуацыі з адпачынкам дзяцей-чарнобыльцаў за мяжой.

«Але на самой справе, ні з таго, ні з іншага боку рэальна нічога не ўкладзена ў развіццё такіх вось гуманітарных сувязяў, -- гаворыць кіраўнік дабрачыннага фонда. -- Ніводны кіраўнік нічога на гэтай ніве не ажыццявіў. Цікава, што абодва карыстаюцца гэтай тэмай (гэта ж так прывабна выглядае для грамадства: яднае дзве краіны, двух такіх вялікіх людзей менавіта агульная гуманітарная справа), але насамрэч ад самага пачатку і да сённяшняга дня гэта выключна заслуга грамадскіх ініцыятыў. Гэта самі сем’і без усялякай падтрымкі цягам вось ужо амаль 20 гадоў займаюцца дабрачыннасцю.

Чакаць нейкай дапамогі не выпадае. І сёння будзе выключна папулізм, арыентаваны на мас-медыі, на падтрымку ўласнага іміджу, а на самой справе ні адзін, ні другі на гэтым узроўні нічога не зрабілі, каб падтрымаць, каб неяк больш глыбока, шырока ўсё разгортвалася — не, гэтага не было ні раней, ні сёння. Будзе самарэклама, жаданне прыкрыцца. Так бы мовіць, шырма. Яны прыкрыюцца, што гэта іх аб’ядноўвае, што яны выдатныя людзі, што маюцца гуманітарныя падставы. А потым будуць абмяркоўваць абсалютна іншыя пытанні».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках