25 снежня 2024, Серада, 6:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Знешні дзярждоўг Беларусі за дзевяць месяцаў вырас на 66,5%

1

На 1 кастрычніка знешні дзяржаўны доўг Беларусі склаў 6 млрд. 191,2 млн. даляраў ЗША пры зацверджаным гадавым ліміце 8 млрд. даляраў.

За дзевяць месяцаў гэтага года ён вырас на 2,5 млрд. даляраў (на 66,5%). Такія дадзеныя апублікавала Міністэрства фінансаў, перадае БелаПАН.

Пры гэтым у структуры знешняга дзярждоўгу крэдыты, прыцягнутыя ўрадам Беларусі, выраслі за дзевяць месяцаў на 69,2% і склалі 6 млрд. 74,1 млн. даляраў (на 1 студзеня 2009 года — 3 млрд. 588,8 млн. даляраў).

Крэдыты, прыцягнутыя рэзідэнтамі пад гарантыі ўрада Беларусі, наадварот, скараціліся на 10% і на пачатак кастрычніка склалі 117,1 млн. даляраў (на 1 студзеня 2009 года — 130,1 млн. даляраў).

Нагадаем, у чэрвені на паседжанні парламенцкай камісіі па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы міністр фінансаў Андрэй Харкавец заявіў, што па велічыні знешняга дзярждоўгу Беларусь «знаходзіцца ў зоне поўнай бяспекі». На той момант знешні доўг Беларусі складаў каля 5 млрд. даляраў ЗША, ці 10% ВУП. «Да канца года з улікам планаваных пазыкаў мы дасягнем па гэтым паказчыку максімум 14%», — сказаў Харкавец. Міністр фінансаў таксама выказаў упэўненасць, што Беларусь адужае пагашэнне знешняга дзярждоўгу, пік выплатаў па якім павінен наступіць у 2012—2013 гадах.

Знешнім дзяржаўным доўгам лічыцца агульная сума асноўнага доўгу краіны і яе рэзідэнтаў па знешніх дзяржаўных пазыках на пэўны момант часу.

У 2008 годзе знешні дзярждоўг Беларусі вырас на 1 млрд. 382,2 млн. даляраў, ці амаль на 60%, і склаў на 1 студзеня 2009 года 3 млрд. 718,9 млн. даляраў ЗША, паведамляе БелаПАН.

Трэба адзначыць, што сумарны знешні доўг Беларусі складае больш за 20 мільярдаў даляраў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках