23 снежня 2024, панядзелак, 11:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Камароўскі: «Справа Аўтуховіча патыхае 1937-м годам»

8

Рух ветэранаў вайны ў Аўганістане патрабуе спыніць пераслед ваўкавыскіх прадпрымальнікаў.

8 лістапада сканчаецца чарговы тэрмін падаўжэння следства па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Крыху раней у Жодзіна адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя Рэгіянальнага цэнтра інвалідаў Менскай вобласці Рэспубліканскага аб'яднання інвалідаў вайны ў Аўганістане, на якой удзельнікі вайны аднагалосна прагаласавалі за абранне старшынём арганізацыі на новы тэрмін Аляксандра Камароўскага і падтрымалі свайго зняволенага калегу з Ваўкавыска, палітвязня Мікалая Аўтуховіча . Аляксандр Камароўскі распавёў Euramost.org, чаму яны накіравалі калектыўны адкрыты зварот Аляксандру Лукашэнку, і як «аўганцы» ставяцца да «ваўкавыскай справы».

- Так, мяне пераабралі кіраўніком абласной арганізацыі, - распавядае Аляксандр Камароўскі. – Шчыра кажучы, сам я не хацеў пераабірацца, але, як кажуць, такая была воля народа. Дарэчы, з 1997 года ўся рэспубліканская структура трымалася менавіта на гэтай абласной арганізацыі. І трымаецца па сённяшнім дзень.

- А што з рэспубліканскай арганізацыяй, з якой вы ў свой час сышлі, каб не нашкодзіць агульнай справе?

- На плаву мы яе трымаць будзем, хаця працаздольнасць там ужо не тая.

- Стаўленне ўладаў да вашай «нячэснай» аўганскай арганізацыі зараз змянілася?

- Не змянілася. У Жодзіна нам нават не далі памяшканне для правядзення вышэйзгаданага мерапрыемства. Я хацеў пабольш людзей сабраць, але мясцовыя ўлады адказалі, што ў іх усе памяшканні занятыя, там праводзяцца свае мерапрыемствы. Я потым праверыў – не было там ніякіх мерапрыемстваў. А нам прыйшлося сабрацца ў рэстаране.

- Наколькі вядома, быў прыняты зварот да Аляксандра Лукашэнкі па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў і, у прыватнасці, былога «аўганца» Мікалая Аўтуховіча?

- Так, людзі падпісаліся. Звярнуліся па факце абуральнага беззаконня сярод чыноўнікаў і праваахоўных органаў, праяўленага ў дачыненні да нашага баявога паплечніка Мікалая Аўтуховіча - заслужанага вайскоўца, які мае 3 баявыя ўзнагароды за Афганскую вайну, сумленнага і прыстойнага чалавека. Мы выдатна разумеем, што судовы працэс не хутка распачнецца, бо няма рэальных доказаў у пракурораў і следчых, якія ўзбудзілі гэтую крымінальную справу. Напісалі так: як можна будаваць абвінавачванне толькі на пустых і галаслоўных паказаннях аднаго ілжэсведкі? Як можна прыцягваць людзей да крымінальнай адказнасці, калі па тых падпалах ужо асуджаныя асобы і адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі? Тым больш што пацярпелыя чыноўнікі прэтэнзіяў ні да Аўтуховіча, ні да Асіпенкі не маюць, паколькі яны атрымалі кампенсацыю і прысудам суду цалкам здаволеныя. Зараз мы просім вызваліць Мікалая Аўтуховіча пад падпіску аб невыяздзе, а таксама правесці адкрыты судовы працэс. Таму што ведаем, што гэтую чыста палітычную замову. 37-м годам патыхае – толькі раней за гэта расстрэльвалі без суду і следства.

- Гэта значыць, вы лічыце, што народу могуць падаць «нячэсных аўганцаў» у ролі гэтакіх тэрарыстаў?

- Не выключаю. І я ўпэўнены, што адкрытага суду не будзе, таму што праявіцца ўсё гэта праўладнае гніллё.

- «Аўганцы» у гэтай сітуацыі падтрымліваюць свайго былога калегу?

- З нашай арганізацыі – усе. Па краіне – не ведаю, таму што шмат хто нават і не чуў пра гэтую справу. У нас жа акрамя Інтэрнэту ў СМІ пра гэта практычна нічога не кажуць. А Інтэрнэт праглядае, зразумела, не вельмі вялікі адсотак. Добра ведаюць пра справу праўладныя «аўганцы», якія знаходзяцца пры кармушцы. Але мы з імі па жыцці разыходзімся ў поглядах на жыццё. Гэта яны стаялі на перашкодзе нашаму бізнэсу, карыстаючыся сваімі сувязямі. Вытворчасць нашую разбурылі, у нас не засталося ніводнай эканамічнай структуры. Зараз вось у Расеі адкрылі два прадпрыемствы, куды да нас пакуль не могуць дацягнуцца. Хаця раней у нас была эканоміка – зараблялі грошы, дапамагалі матэрыяльна і працоўнымі месцамі калегам. Але ўсё гэта «пахавалі». Толькі таму, што мы сталі непажаданыя. Так і Мікалай Аўтуховіч. Як толькі ён стаў непажаданы для ўлады, нягледзячы на ўсе яго заслугі, чалавека проста адправілі на нары.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках